БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

Больш за 100 спартсменаў з Беларусі і Расіі выступаюць на турніры па спартыўнай акрабатыцы ў Брэсце

17.10.2023 17:10
17 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 17 кастрычніка стартаваў Кубак Беларусі і адкрыты рэспубліканскі турнір па спартыўнай акрабатыцы, прысвечаны памяці заслужанага трэнера СССР Уладзіміра Коркіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Турнір у горадзе над Бугам арганізуюць 24-ы раз. Спаборніцтвы праходзяць на базе Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па акрабатыцы і бадмінтоне. Удзельнікамі сталі больш за 100 акрабатаў. Яны прадстаўляюць нацыянальную зборную Беларусі, рэгіёны нашай краіны. Таксама прыехалі тры каманды з Расіі - з Санкт-Пецярбурга, Новачаркаска і Калінінграда. За званне лепшых спаборнічаюць жаночыя пары і тройкі, змешаныя пары, мужчынскія пары і чацвёркі. Спартсменам трэба будзе выканаць тры практыкаванні: балансавае, вальтыжнае і камбінаванае. Медалі будуць разыграны ў трох узроставых катэгорыях.

Уладзімір Коркін стаяў ля вытокаў зараджэння парна-групавой акрабатыкі ў Брэсце. У абласным цэнтры цэняць уклад заслужанага трэнера, у памяць пра яго традыцыйна арганізуюць міжнародны турнір. "Яго вучні, спартсмены стараюцца захаваць гэты турнір. З кожным годам да нас прыязджае даволі шмат удзельнікаў, - расказала галоўны суддзя спаборніцтваў Ірына Глушко. - Калі толькі атрымалі навіну аб увядзенні санкцый, была праблема. Цяпер нашы спартсмены часцей выязджаюць у Расію і іншыя дружалюбныя краіны, абменьваюцца вопытам. Напрыклад, у гэтыя дні некалькі нашых спартсменаў удзельнічаюць у міжнародным турніры ў Ташкенце".

Прадстаўніцы каманды Віцебскай вобласці Лізавета Старавойтава, Вольга Шадура і Валерыя Сухаварава на брэсцкі турнір такім складам прыехалі ўпершыню. Дзяўчаты выступаюць у жаночай тройцы. Рыхтаваліся да гэтых спаборніцтваў некалькі месяцаў, адточвалі праграму. "Трэніруемся разоў пяць на тыдзень па тры гадзіны ў сярэднім, часам і больш бывае. Вучымся ў адзінаццатым, дзясятым і сёмым класах. Вядома, складана сумяшчаць са школай, але стараемся", - расказалі акрабаткі.

Антон Мельнік і Арцём Шараметаў прыехалі з Новачаркаска. Хлопцы нацэлены паказаць у Брэсце свой лепшы рэзультат. "Адназначна, гатовы змагацца за першае месца. Сапернік у нас моцны, але рукі не апускаем. У Брэсце добрая зала", - заўважылі расійскія спартсмены. Акрамя спаборніцкай праграмы яны паспелі ўжо азнаёміцца з некаторымі славутымі мясцінамі Брэсцкай вобласці. "Хадзілі ў Брэсцкую крэпасць, з'ездзілі ў Белавежскую пушчу. Незабыўныя ўражанні, убачылі шмат новага. Вядома, хочацца прыехаць сюды яшчэ раз", - дадалі хлопцы.

Спаборніцтвы па спартыўнай акрабатыцы завершацца 19 кастрычніка.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі