БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

Больш за 20 спектакляў за шэсць дзён. У Брэсце завяршыўся фестываль "Белая Вежа"

16.09.2024 11:09
16 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 15 верасня адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця XXVIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая Вежа". Завяршылася свята мастацтва фаер-шоу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фінальным акордам форуму стаў спектакль "На бойкім месцы" паводле п'есы Аляксандра Астроўскага. Сваю версію камедыі класіка прадставілі артысты Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Узбекістана.
"Мы, праўда, змянялі крыху тэкст, таму што ён вельмі складаны, старарускі. Замянялі нейкія фразы, таму што яны на слых незразумелыя сучаснаму гледачу, асабліва моладзі. Але менавіта класічнае слова, класічнае дзеянне, аб чым пісаў Астроўскі, пастараліся захаваць. Спадзяюся, што атрымалася. Вырашаць, вядома, гледачу", - адзначыла рэжысёр і актрыса маладзёжнага тэатра Узбекістана Лэйла Сейд-Аглы.
Афіша "Белай Вежы" ў бягучым годзе змяшчала 22 спектаклі. На пяці пляцоўках гледачы маглі атрымаць асалоду ад прагляду камедый, драм, меладрам, ацаніць эксперыментальныя і музычныя пастаноўкі, пранікнуцца спектаклямі тэатра лялек. У Брэст на тэатральны фестываль прыехалі калектывы з Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана.  
"Мне было вельмі цікава. На жаль, нельга паглядзець абсалютна ўсе спектаклі, таму што яны ішлі паралельна. Я не ўмею глядзець кавалкамі, таму была засяроджана на пэўным адным. Яны вельмі розныя, і гэта цудоўна. Нешта можа спадабацца больш, нешта - менш. Мы ўсе жывыя людзі, у нас ва ўсіх розныя густы. Але гэта разнастайнасць дае зрэз таго, што сёння ёсць тэатр", - падзялілася меркаваннем расійскі тэатральны крытык Наталля Старасельская. Яна дадала, што на "Белай Вежы" былі прадстаўлены пастаноўкі, якія асабліва кранулі гледачоў і тэатральных крытыкаў.
Так, экспертная камісія прысудзіла спецыяльныя дыпломы фестывалю. У намінацыі "За захаванне традыцый рускага тэатра" ўзнагароджаны Дзяржаўны маладзёжны тэатр Узбекістана, які прадставіў спектакль "На бойкім месцы". За ўвасабленне нацыянальнай тэмы адзначаны спектакль "Карней" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Дыплом за лепшае пластычнае рашэнне ўручаны Дзяржаўнаму Ордэна дружбы народаў рускаму драматычнаму тэатру імя У.Маякоўскага з Таджыкістана, які паказаў у Брэсце спектакль "Баляванне ў час чумы".  
Спецыяльнага дыплома ўдастоены акцёр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Міхаіл Ільіч за выкананне ролі Яўгена Базарава ў спектаклі "Бацькі і дзеці". Лепшым акцёрскім ансамблем на "Белай Вежы" прызнаны калектыў Усходне-Казахстанскага абласнога драматычнага тэатра (Усць-Каменагорск) за ігру ў спектаклі "Дуброўскі. Пачатак...". Дыплом лаўрэата за лепшую мужчынскую ролю ўручаны акцёру маскоўскага тэатра "Школа драматычнага мастацтва" Кірылу Фёдараву, які выканаў ролю Князя ў пастаноўцы "Дзядзькаў сон". Узнагароду за лепшую жаночую ролю забрала актрыса Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя У.Маякоўскага Настасся Дзячук, якая сыграла Вару ў "Дзікарцы". Лепшым спектаклем тэатра лялек назвалі "Рагнарок. Гібель багоў" у пастаноўцы кемераўскага Тэатра лялек Кузбаса імя А.Гайдара. Лепшым спектаклем драмы прызнаны "Ляўша", які прадставіў Нацыянальны музычны драматычны тэатр Рэспублікі Комі з расійскага Сыктыўкара.
Дарэчы, арганізатары пачалі работу над праграмай наступнай "Белай Вежы". Паступаюць ужо заяўкі ад жадаючых выступіць на брэсцкай сцэне ў 2025 годзе.-0-
Фота Віялеты Южаковай

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі