У Брэсце з 27 па 30 лістапада пройдзе рэспубліканскі турнір па фехтаванні, прысвечаны памяці герояў абароны Брэсцкай крэпасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.
"Гэтыя спаборніцтвы традыцыйна праводзяцца ў Брэсце. У апошнія гады праводзім іх у праграме адкрытых Алімпійскіх дзён моладзі Брэсцкай вобласці. Праглядаем перспектыўных спартсменаў, якіх адбіраем у каманду для ўдзелу ў рэспубліканскіх турнірах па фехтаванні", - растлумачылі ва ўпраўленні спорту і турызму.
За ўзнагароды турніру пазмагаюцца юнакі і дзяўчаты 2007 гадоў нараджэння і маладзейшыя. Гэтыя спаборніцтвы асабістыя, яны пройдуць на пляцоўцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву нумар 3 Брэста. Непасрэдна праграма спаборніцтваў стартуе 28 лістапада. У гэты дзень за ўзнагароды пазмагаюцца юнакі і дзяўчаты, якія валодаюць рапірай. Эстафету ў іх 29 лістапада прымуць юныя шпажысты, а 30 лістапада найбольш спрытных выявяць шаблісты.
Усяго на спаборніцтвы заявіліся больш за 200 удзельнікаў. Канкурэнцыю гаспадарам пляцоўкі - камандзе Брэсцкай вобласці - складуць фехтавальшчыкі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Свой удзел таксама пацвердзілі прадстаўнікі Масквы.
"Турнір памяці герояў абароны Брэсцкай крэпасці ў нашым горадзе праводзяць ужо больш за 30 гадоў. Стараемся традыцыйна запрашаць на сустрэчу з юнымі спартсменамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны заўсёды з задавальненнем адгукаюцца і прыходзяць, калі дазваляе здароўе", - дадалі ва ўпраўленні спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.