28 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце з 28 чэрвеня па 1 ліпеня пройдзе адкрыты Кубак Беларусі па плаванні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі плавання.
Спаборніцтвы пройдуць у Палацы водных відаў спорту. На дарожках 50-метровага басейна за медалі будуць змагацца больш за 300 спартсменаў з Беларусі і Расіі. Нашу краіну ў тым ліку прадставяць лідары айчыннага плавання Ілья Шымановіч, Настасся Шкурдай, Аліна Змушко, Настасся Куляшова. У Брэсце выступяць плыўцы нацыянальнай каманды, зборных каманд абласцей і Мінска.
Плыўцы будуць выяўляць мацнейшых на працягу чатырох дзён. Мужчыны і жанчыны будуць спаборнічаць у плаванні вольным стылем, брасам, на спіне, батэрфляем, у комплексным плаванні, а таксама ў эстафетах. У ранішняй праграме - папярэднія заплывы, на вечар запланаваны паўфінальныя і фінальныя заплывы.
Гэтыя спаборніцтвы асабістыя з камандным залікам. Пераможцы на розных дыстанцыях будуць узнагароджаны дыпломамі, медалямі і прызамі.
Чакаецца, што тэлеканал "Беларусь 5" будзе трансліраваць ранішнія і вячэрнія сесіі Кубка.
Брэсцкі палац водных відаў спорту ў жніўні прыме спаборніцтвы па плаванні на ІІ Гульнях краін СНД. Цяпер наладжваюцца ўсе неабходныя моманты, каб спаборніцтвы прайшлі на самым высокім узроўні. "На Кубку Беларусі некаторыя моманты пратэсціруем перад Гульнямі. Напрыклад, паглядзім на арганізацыю бяспекі на аб'екце ў час правядзення спаборніцтва, а таксама ацэнім работу святлодыёднага табло", - расказала намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту Вікторыя Астахава.
Дарэчы, Брэст на Гульнях краін СНД прыме таксама спаборніцтвы па гандболе. Матчы пройдуць у палацы гульнявых відаў спорту "Вікторыя".-0-