18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі ініцыятыўных грамадзян у бізнесе. Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч на канферэнцыі "Эфектыўны менеджмент. Фарміраванне іміджу Беларусі шляхам развіцця чалавечага рэсурсу", якая праходзіць у Брэсце ў рамках першага пасяджэння праўлення крыла прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
"У Беларусі створаны ўсе ўмовы, роўныя правы і магчымасці для самарэалізацыі ў бізнесе ўсіх ініцыятыўных грамадзян - як мужчын, так і жанчын. Мы з задавальненнем адзначаем, што прадстаўніцы прыгожага полу ўсё актыўней уліваюцца ў прадпрымальніцкае асяроддзе. Кожны трэці прадпрымальнік у нашай краіне - жанчына. Хачу заклікаць вас упэўнена рухацца наперад і імкнуцца ажыццявіць свае самыя смелыя пачынанні. Кожная рэалізаваная перспектыўная ідэя не толькі дапамагае забяспечыць дастойную будучыню сабе, сваёй сям'і, але і робіць яшчэ лепшым жыццё ў вашым родным горадзе, рэгіёне, краіне", - падкрэсліла Таццяна Бранцэвіч.
Удзел у мерапрыемстве прымаюць прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў, дзелавой супольнасці. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі пытанні папулярызацыі і развіцця жаночага прадпрымальніцтва, а таксама шляхі далейшага стымулявання дзелавой актыўнасці беларусак.-0-