8 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні сярод мужчын і жанчын на кароткай вадзе пройдзе з 8 па 11 лістапада ў Брэсцкім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту, паведамілі карэспандэнту ў Беларускай федэрацыі плавання.
У галоўным турніры краіны па плаванні прымуць удзел каманды абласцей, Мінска, а таксама зборная расійскіх плыўцоў. Заяўкі падалі больш як 320 спартсменаў з Беларусі і Расіі, сярод іх лідары айчыннага плавання - Ілья Шымановіч, Настасся Шкурдай, Аліна Змушко, Настасся Куляшова. Гэта асабістыя спаборніцтвы з камандным залікам, да якіх дапускаюцца плыўцы з узроўнем кваліфікацыі не ніжэйшым за кандыдата ў майстры спорту.
Адкрыты чэмпіянат пройдзе ў 25-метровым плавальным басейне брэсцкага Палаца водных відаў спорту. Спаборніцтвы праводзяцца з папярэднімі, паўфінальнымі (на дыстанцыях 50 м і 100 м) і фінальнымі заплывамі. Па ўмовах, кожны спартсмен мае права ўдзельнічаць у неабмежаванай колькасці індывідуальных відаў праграмы і ў эстафетах.
Напярэдадні адбыліся судзейскі семінар і афіцыйная трэніроўка спартсменаў, у час якой яны змаглі апрабаваць водныя дарожкі басейна. Сёння пасля размінкі ў 10.00 дадзены старт спаборніцтвам. Турнір пачнецца з заплываў батэрфляем на дыстанцыі 100 м. У ранішняй праграме таксама 400 м комплексным плаваннем, 200 м брасам і 100 м на спіне, 200 м і 1500 м вольным стылем. Пачатак вячэрняй праграмы - у 17.00. Уваход на глядзельныя трыбуны свабодны.
Тэлеканал "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа вячэрнія сесіі турніру 8 і 9 лістапада.-0-