8 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Брэстмаш" наладзіла выпуск школьных мікрааўтобусаў. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар прадпрыемства Аляксей Бражук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты праект рэалізуецца па заказе Міністэрства адукацыі. У бягучым годзе брэсцкае прадпрыемства вырабіць каля 90 школьных мікрааўтобусаў. Спецыялісты ўлічылі магчымасць перавозкі дзяцей на пасажырскіх сядзеннях, а таксама інвалідаў-калясачнікаў.
"Створана безбар'ернае асяроддзе. Пакуль такіх аўтобусаў няма ні ў кога. На 11 лістапада намечана адгрузка першай партыі. Будуць прымаць 21 мікрааўтобус Брэсцкая вобласць і Мінск. Усяго да канца года паставім 87 мікрааўтобусаў", - расказаў Аляксей Бражук.
Акрамя таго, брастаўчане па заказе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны наладзілі выпуск спецыяльных легкавых аўтамабіляў для сацыяльнай службы. У гэтым годзе ва ўсе вобласці Беларусі паставяць 39 такіх транспартных сродкаў, прызначаных для тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны і дамоў-інтэрнатаў. Прадаўжаючы гэту праграму, на прадпрыемстве заняліся вырабам мікрааўтобусаў з пад'ёмнікамі. Гэты аўтамабіль створаны на базе мікрааўтобуса МАЗ.-0-