16 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы (БАТД) правядзе 19 мая Дзень адкрытых дзвярэй. У мерапрыемстве запрашаюць паўдзельнічаць тых, хто хацеў бы звязаць сваё жыццё з акцёрскай прафесіяй, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У Брэсце арганізуюць даволі шмат мерапрыемстваў, якія знаёмяць публіку з тэатрам знутры. Фармат Дня адкрытых дзвярэй прадугледжвае ўдзел вучняў 10-11-х класаў, якія вызначаюцца ці ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй.
"Хочам набраць у дапаможны склад тэатра перспектыўных старшакласнікаў і адначасова накіраваць іх для паступлення на завочнае аддзяленне акцёрскага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вядзём актыўную інфармацыйную работу, звязваемся з кіраўнікамі народных тэатраў, узорных тэатральных калектываў, розных устаноў адукацыі і культуры, каб знайсці юнакоў і дзяўчат, якія хочуць звязаць свой лёс з акцёрскай прафесіяй", - расказалі ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы.
Маладых людзей запрашаюць 19 мая да 14.00. Для гасцей рыхтуюць цікавую і карысную праграму. Майстры сцэны азнаёмяць маладых людзей з акцёрскай прафесіяй. Для іх правядуць экскурсію па закуліссі, плануюцца майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і сцэнічным руху. Абітурыенты змогуць задаць хвалюючыя іх пытанні пра паступленне.
"Рыхтуем інтэрактыўны спектакль - экскурсію па закуліссі тэатра. Калі моладзь прыходзіла ў якасці гледачоў, то шмат чаго бачыць не маглі. Яны не спускаліся ў тэатральны трум, не бачылі каласнікоў, як працуе і кіруецца штанкетная гаспадарка, паваротны круг і г.д.", - адзначылі ў БАТД.
Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ў бягучым годзе адзначае 80-годдзе. Яго гонарам з'яўляецца міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа". За больш як 20-гадовую гісторыю ў ім прынялі ўдзел калектывы з 60 краін свету, было паказана больш за 600 спектакляў.-0-