23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і Гомельскі абласны драматычны тэатр правядуць з 5 па 7 красавіка абменныя гастролі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па рэкламнай камунікацыі БАТД Кацярына Міхалькевіч.
Брастаўчане першымі пачынаюць гастролі 5 красавіка. У гэты дзень на суд гомельскага гледача яны прадставяць #Love_сторыз у дзвюх дзеях "Я танцую як дэбіл" паводле п'есы Ігара Вітрэнкі. Пастаноўка галоўнага рэжысёра БАТД Цімафея Ільеўскага з правакацыйнай назвай, дзе перад спектаклем просяць не выключаць мабільныя тэлефоны, ідэальная для прагляду ўсёй сям'ёй. Яркі, насычаны гукамі і спецэфектамі і разам з тым напоўнены глыбокім зместам і сэнсам спектакль закранае праблему ўзаемадзеяння пакаленняў у сучасных рэаліях.
Увечары 6 красавіка на сцэне Гомельскага абласнога драмтэатра трупа БАТД пакажа камедыю-фарс "Адчайныя цёткі". Спектакль Валянціны Янавец паводле п'есы вядомага сучаснага драматурга Аляксандра Кароўкіна пастаўлены ў лепшых традыцыях камедыі становішчаў. Дзіўныя, смешныя і недарэчныя сітуацыі ідуць адна за адной, прымушаючы герояў вынаходзіць усё новыя і новыя спосабы выкручвацца з найскладанейшых калізій.
Для юных гледачоў адбудуцца два ранішнія паказы спектакля "Кот у ботах" паводле матываў казкі Шарля Перо ў пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Фёдарава.
У сваю чаргу Гомельскі абласны драматычны тэатр вязе ў Брэст адны з апошніх сваіх спектакляў. Камедыю "Вяселля не будзе! Але гэта не дакладна..." паводле п'есы Робіна Хоўдана на сцэне БАТД пакажуць 6 красавіка. Пастаноўку заслужанага дзеяча мастацтваў Сяргея Кавальчыка "Рабі дабро - зводзь з розуму!" паводле п'есы Ігара Глінкова брэсцкая публіка ўбачыць 7 красавіка. У гастрольнай афішы таксама два ранішнія паказы казкі "Лятучы карабель" паводле матываў вядомага і любімага дзецьмі і дарослымі мультыплікацыйнага фільма.-0-