29 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі тэатр лялек атрымаў запрашэнне на XVII Міжнародны тэатральны фестываль "Цар-Казка" ў Вялікім Ноўгарадзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара БТЛ па інфармацыі і арганізацыі гледача Наталля Антанюк.
"Мы едзем у красавіку на фестываль у Вялікі Ноўгарад са спектаклем "Халстамер". Яны самі выйшлі на нас і запрасілі прыняць удзел. Мы ім прапаноўвалі і іншыя спектаклі, але яны выбралі менавіта гэты", - сказала Наталля Антанюк.
XVII Міжнародны тэатральны фестываль "Цар-казка"/Kingfestival пройдзе ў Вялікім Ноўгарадзе з 21 па 25 красавіка. Гэта адзін са старэйшых расійскіх тэатральных фестываляў для маладога гледача. Форум праводзіцца з 1992 года кожныя два гады Наўгародскім тэатрам для дзяцей і моладзі "Малы".
Спектакль "Халстамер" (Гісторыя каня) паводле аповесці Льва Талстога - адзін з самых тытулаваных у рэпертуары БТЛ. На XV Сусветным фестывалі тэатраў лялек у Празе спектакль быў адзначаны не толькі Гран-пры, але і трыма дыпломамі: за лепшыя рэжысуру, сцэнаграфію і музычнае афармленне. Менавіта з гэтай пастаноўкі ў 2005 годзе пачалося супрацоўніцтва Брэсцкага тэатра лялек з лаўрэатам "Залатой маскі" галоўным рэжысёрам Санкт-Пецярбургскага Вялікага тэатра лялек Русланам Кудашовым.
У гэтым годзе Брэсцкі тэатр лялек адзначыць 60 гадоў з дня свайго заснавання. Юбілейны сезон будзе адзначаны новымі пастаноўкамі і праектамі. Адзін з іх - "Закуліссе тэатра лялек вачыма юных журналістаў", які ў хуткім часе стартуе ў БТЛ. "Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што дзеці, якія займаюцца ў студыі юных журналістаў, будуць прыходзіць да нас на рэпетыцыі, спектаклі, а потым пісаць пра іх. Мы будзем даведвацца аб меркаваннях дзяцей наконт нашых пастановак, што вельмі карысна, і заадно папулярызаваць тэатр сярод дзяцей і моладзі. У рамках праекта правядзём конкурс і ўзнагародзім пераможцаў", - дадала намеснік дырэктара.-0-