11 кастрычніка, Кобрын /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка праекта Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці выйшла на завяршальную стадыю. Аб гэтым паведаміў сёння ў Кобрыне старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Нікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Займаемся падрыхтоўкай да другога чытання Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Работа падыходзіць ужо да завяршэння. У першым чытанні кодэкс быў прыняты ў маі. За гэты час мы разгледзелі больш за 500 паправак, праведзена вялікая работа. Яшчэ раз накіравалі на месцы на ўзгадненне, атрымалі шэраг заўваг, але іх ужо няшмат. Думаю, да канца года павінны падрыхтаваць дакумент для разгляду ў Авальнай зале", - расказаў Віктар Нікалайкін.
Таксама ў гэтым годзе прыняты змяненні ў Зямельны кодэкс. Частка палажэнняў пачала дзейнічаць з 1 верасня, шэраг уступіць у сілу з 1 студзеня 2023 года. "Будаўніцтва непарыўна звязана з зямельнымі адносінамі. Будаўнічы кодэкс - усёабдымная дарожная карта для будаўніка. Сэнс у тым, каб ён стаў настольнай кнігай для прафесіяналаў, пачынаючы ад ідэі стварэння аб'екта і заканчваючы яго ўводам у эксплуатацыю", - растлумачыў Віктар Нікалайкін.
У Кобрыне сёння праходзіць выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, на якім абмяркоўваюць праблемы і перспектывы галіны. У мерапрыемстве прымаюць удзел міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч і старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч.
"Брэсцкая вобласць у цэлым і Кобрын у прыватнасці займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў жыллёвым будаўніцтве. У рэгіёне ў 2022 годзе запланавана пабудаваць 640 тыс. кв. м жылля. План выконваецца, дынаміка дадатная. Важна, што вельмі развіта будаўніцтва індывідуальнага жылля. Гэты вопыт, лічым, трэба распаўсюджваць на ўсю рэспубліку", - дадаў старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве.-0-