
10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Смільгінь правёў рабочую сустрэчу з дэлегацыяй Нукускага раёна Рэспублікі Каракалпакстан (суверэнная рэспубліка ў складзе Узбекістана), на якой абмяркоўваліся сумесныя праекты ў аграрнай сферы, у прыватнасці, стварэнне доследна-дэманстрацыйнага поля буякоў і выпрабаванні беларускіх сартоў бульбы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сельскагаспадарчага ведамства.
Візіт дэлегацыі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі навуковых і дзелавых колаў Узбекістана, праходзіў у рамках удзелу ў міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Белагра-2025". Мэтай сустрэчы стала пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, абмен вопытам у галіне сучасных аграрных тэхналогій, вывучэнне беларускага вопыту па вырошчванні і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і наладжванне партнёрскіх сувязей з профільнымі арганізацыямі Беларусі.
Як заўважылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларусь удзяляе вялікае значэнне развіццю аграрнага дыялогу з Узбекістанам. Па выніках 2024 года аб'ём узаемнага гандлю вырас на 37,5 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, у тым ліку экспарт з Беларусі павялічыўся на 40,4 працэнта. Яго аснову складаюць мяса і мясапрадукты, малако і малакапрадукты. Дадатная дынаміка росту тавараабароту захоўваецца і ў пачатку бягучага года.
Бакі адзначылі паспяховую рэалізацыю шэрага сумесных праектаў. Так, у Ташкенцкай вобласці развіваецца комплекс па вытворчасці мяса птушкі. Ствараецца ва Узбекістане і доследна-дэманстрацыйнае поле буякоў, прадаўжаецца супрацоўніцтва паміж Беларускім інстытутам лёну і навуковымі ўстановамі Узбекістана па селекцыі і вырошчванні новых сартоў лёну. Акрамя таго, вядзецца работа па выпрабаванні беларускіх сартоў бульбы ва ўмовах Узбекістана.
Беларускі бок запрасіў калег з Каракалпакіі прыняць удзел у трэцім Беларуска-ўзбекскім жаночым бізнес-форуме, які адбудзецца ў жніўні ў Віцебску. Плануецца правядзенне секцыі, прысвечанай сельскай гаспадарцы, дзе выступяць кіраўнікі перадавых прадпрыемстваў абедзвюх краін, будзе арганізавана і выстаўка беларускай і ўзбекскай сельгаспрадукцыі.
"Візіт стаў важным крокам ва ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Рэспублікай Каракалпакстан у аграрнай сферы і адкрыў новыя магчымасці для практычнага ўзаемадзеяння на аснове даверу, тэхналагічнага абмену і інавацыйнага развіцця", - рэзюмавалі ў сельскагаспадарчым ведамстве.-0-