19 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. На патрыятычным форуме да Дня народнага адзінства "Калі мы адзіныя" ўдзельнікі прадэманстравалі разнастайнасць нашай культуры і свой прафесіяналізм, адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр Брэсцкага абласнога канцэртнага аркестра духавой і эстраднай музыкі Валерый Коваль.
Прадстаўнікі Брэсцкай вобласці падрыхтавалі ўнікальны нумар у выкананні зводнага аркестра. На сцэну выйшлі Брэсцкі абласны канцэртны аркестр духавой і эстраднай музыкі, аркестр 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады, узорна-паказальны аркестр Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага і ваенны аркестр Пінскага пагранічнага атрада.
"Гэты нумар мы рыхтавалі, калі Брэсцкая вобласць выступала ў Палацы Рэспублікі са сваім справаздачным канцэртам (на фестывалі "Беларусь - мая песня" 2 чэрвеня. - Заўвага БЕЛТА). Наша кампазіцыя была адабрана ў праграму форуму да Дня народнага адзінства. У такім рэспубліканскім мерапрыемстве ўдзельнічалі ўпершыню. Я рабіў вялікія святы духавой музыкі, парад аркестраў, але маштабы былі іншыя. Тут у канцэрце ўдзельнічалі каля 5 тыс. чалавек. Грандыёзная падзея, мяне ўразіў маштаб, арганізацыя, усё было вельмі дакладна", - падзяліўся Валерый Коваль.
Нагледзячы на тое што артысты былі за кулісамі і рыхтаваліся да выступлення, яны не прапусцілі магчымасць паслухаць прамову Прэзідэнта. "Уключылі свае тэлефоны і слухалі прамову кіраўніка дзяржавы. Кранула, вядома. Час такі цяжкі, мы павінны быць адзінымі. Толькі разам можам быць сапраўднай нацыяй - гэта галоўны пасыл, - заўважыў брастаўчанін. - Вось такія канцэрты і паказваюць маштабнасць усёй гэтай справы. Калі мы разам, атрымліваюцца грандыёзныя мерапрыемствы. Канцэрт прадстаўляў разнастайнасць культуры і прафесіяналізм і на сцэне, і за кулісамі. Працавалі сапраўдныя прафесіяналы".
Артысты Брэсцкай вобласці выступілі з арыгінальнымі харэаграфічнымі і вакальнымі нумарамі. Кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ўзорнага ансамбля бальнага танца "Фіеста" Алена Фаміна падзялілася: "Нам было вельмі прыемна і ганарова атрымаць запрашэнне на форум да Дня народнага адзінства. Калі прыехалі ў Мінск і ўбачылі сцэну і маштаб мерапрыемства, эмоцыі зашкальвалі і ў кіраўнікоў, і ў дзяцей. Мы адпрацавалі два нумары. Першы быў вельмі чуллівым, рабілі з ветэранамі "Майскі вальс". Сама тэма закранае так, што мурашкі па скуры. У час другога нумара прадстаўлялі рэгіёны нашай Брэсцкай вобласці".
У калектыве з Баранавіч танцуюць юнакі і дзяўчаты, якія вучацца ў старэйшых класах. На форуме ў сталіцы выступілі 42 танцоры. "Ноччу 14 верасня мы прыехалі з фестывалю "Сожскі карагод", пераначавалі дома - і ў дзевяць ужо былі на рэпетыцыі ў Мінску. Для калектыву вельмі пачэсна працаваць на адной сцэне з такой колькасцю таленавітых заслужаных людзей", - падкрэсліла Алена Фаміна. Юнакі і дзяўчаты з "Фіесты" таксама ўдзельнічалі ў гала-канцэрце Брэсцкай вобласці на фестывалі "Беларусь - мая песня".-0-