
6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадзены старт агульнарэспубліканскай эстафеце "Ганаруся роднымi сімваламi", прысвечанай Дню Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Іваненка.
"БРСМ запусціў патрыятычны марафон мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Беларусі, прыцягненне ўвагі грамадзян да ролі дзяржсімвалаў у фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і гордасці, умацаванне іх пазітыўнага ўспрымання ў грамадстве. У гэтым годзе акцыя пройдзе з 6 па 12 мая", - расказаў Аляксандр Іваненка.
Паводле яго слоў, комплекс мерапрыемстваў будзе арганізаваны тэрытарыяльнымі камітэтамі БРСМ і будзе ўключаць урачыстыя цырымоніі ўручэння маладзёжных білетаў, фотаконкурсы, творчыя праграмы, тэматычныя аўтапрабегі, віктарыны і іншае.
"Дзяржаўныя сімвалы з'яўляюцца важным элементам культурнай спадчыны, і іх папулярызацыя садзейнічае захаванню і перадачы гэтай спадчыны будучым пакаленням. А распаўсюджванне ведаў і гордасці за сімвалы дзяржавы садзейнічае фарміраванню адзінай нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта такія мэты мы ставім сабе пры арганізацыі эстафеты", - адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.
Маладзёжныя тэндэнцыі патрабуюць правядзення акцыі і анлайн. "Мы запрашаем карыстальнікаў сеткі далучыцца да эстафеты і напоўніць інтэрнэт-прастору патрыятычным кантэнтам - апублікаваць на асабістых старонках у сацыяльных медыя фатаграфіі з дзяржаўнай сімволікай пад хэштэгамі #Ганарусяроднымiсімваламi, #роднаенароднае, #знаюсвойфлаг, #мойфлаг, #мойсцяг, #мойгимн, #мойгерб #Беларусь", - дапоўніў Аляксандр Іваненка.-0-