
5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі павысіўся індэкс дзелавога аптымізму. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Андрэй Капыток па выніках штогадовага вымярэння індэкса дзелавога аптымізму на ХХІІ Асамблеі дзелавых колаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У рамках асамблеі былі прадэманстраваны вымярэнні 20-га індэкса дзелавога аптымізму аб стане дзелавога клімату ў Беларусі. "Індэкс дзелавога аптымізму паказвае вынік умеранага скептыцызму, дамінавання стратэгіі плюса. Значэнне індэкса дзелавога аптымізму вырасла ў плюсавай катэгорыі на 0,03 працэнта. Мы бачым рост рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, доўгатэрміновыя перспектывы супрацоўніцтва і прадаўжэння кантрактаў. Акрамя таго, мы бачым рэкордны рост ВУП малога і сярэдняга бізнесу ў памеры 27,4 працэнта. Усё гэта - наша зладжаная работа з дзяржавай. Мы бачым, што гэта адкрыты, сумленны, канкрэтны і канструктыўны дыялог бізнесу і ўлады", - адзначыў Андрэй Капыток.
Таксама саюз робіць упор на ўзмацненне рэгіяналізацыі. У рамках асамблеі ў гэтай частцы падвядуць вынікі конкурсу "Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу". "Мы выяўляем там праблемныя пытанні, паляпшаем бізнес-асяроддзе, бізнес-поле", - падкрэсліў ён.
Сёння ў рэгіёнах бізнес развівае і вытворчы сектар, і гандаль. "У рэгіёнах у асноўным упор ідзе на інавацыйную прадукцыю. Мы заключылі вусную дамоўленасць са "Сколкава", і тыя кампаніі, якія да нас будуць прыходзіць у саюзы і асацыяцыі, мы будзем адаптаваць, каб прадпрыемствы ствараліся сумесна ў рэгіёнах па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця і праекта "Адзін раён - адзін праект", - расказаў старшыня.
ХХІІ Асамблея дзелавых колаў праходзіць у Мінску 5 чэрвеня. У асамблеі прымаюць удзел каля 150 прадстаўнікоў бізнесу Беларусі, а таксама кіраўнікі вышэйшага звяна ўлады, парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі рэгіянальных і галіновых саюзаў (асацыяцый), прадстаўнікі банкаў, прадпрымальніцкіх структур Беларусі і Расіі, а таксама вучоныя, навуковыя ўстановы, паслы, замежныя госці, прадстаўнікі СМІ.-0-