
19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец пракаменціраваў у эфіры тэлеканала СТБ забарону на мабільныя тэлефоны ў школах, паведамляе БЕЛТА.
Як паведамлялася, з 1 верасня ў школах Беларусі будзе яшчэ больш абмежавана выкарыстанне мабільных тэлефонаў вучнямі, што прадугледжана правіламі бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым навучальным годзе пачалася работа па ўпарадкаванні выкарыстання мабільных тэлефонаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Былі створаны неабходныя камфортныя ўмовы для таго, каб дзеці маглі здаваць тэлефоны ў спецыяльна абсталяваныя для іх месцы.
"Ужо вызначаюцца адпаведныя работнікі, якія будуць адказваць за захаванасць гэтых тэлефонаў. Але тут мы можам быць вельмі спакойнымі, таму што практычна ўсе школы нашай краіны абсталяваны відэанаглядам. Адпаведна, гэтыя ячэйкі будуць устаноўлены каля камер відэанагляду", - расказаў Андрэй Іванец.
Як было адзначана ў эфіры, такая мера ў першую чаргу дапаможа пазбегнуць мабільнай залежнасці ў школьнікаў. Паводле назіранняў педагогаў, у дзяцей назіраецца рэгрэс камунікатыўных навыкаў, дыскамфорт пры жывых сустрэчах, часта церпіць вучоба. Свае плюсы ў абмежаванні выкарыстання мабільных тэлефонаў бачаць і медработнікі.-0-