31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве адукацыі расказалі, як у 2024/2025 навучальным годзе будзе арганізаваны адукацыйны працэс. Такая інфармацыя размешчана на сайце міністэрства, паведамляе БЕЛТА.
Першая чвэрць прадоўжыцца з 2 верасня па 26 кастрычніка 2024 года, другая - з 4 лістапада па 24 снежня 2024 года, трэцяя - з 8 студзеня па 22 сакавіка 2025 года. Чацвёртая чвэрць будзе праходзіць з 31 сакавіка па 31 мая 2025 года, а для вучняў IX (X), XI (XII) класаў - з 31 сакавіка па 23 мая 2025 года.
Асеннія канікулы прадоўжацца восем дзён з 27 кастрычніка па 3 лістапада 2024 года уключна, зімовыя - 14 дзён з 25 снежня 2024 года па 7 студзеня 2025 года ўключна, вясеннія - восем дзён з 23 сакавіка па 30 сакавіка 2025 года ўключна. Летам школьнікі будуць адпачываць 92 дні з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2025 года. Для вучняў, якія завяршылі навучанне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, летнія канікулы прадоўжацца 82 дні з 11 чэрвеня па 31 жніўня 2025 года ўключна.
Для вучняў І-ІІ класаў (ІІІ класаў - для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у ІІІ чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы з 17 лютага па 23 лютага 2025 года ўключна працягласцю сем дзён.-0-