
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як забяспечваюць бяспеку работы летніх студатрадаў, расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БЕЛТА.
У ведамстве адзначылі, што работа па забеспячэнні бяспекі аб'ектаў, на якіх будуць працаваць будатрады, пачынаецца зімой, калі на сайтах мясцовых органаў улады з'яўляецца інфармацыя аб арганізацыях, што плануюць прыняць студэнцкія атрады. На працягу лета Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы сумесна з прафсаюзамі стараецца мінімум адзін раз наведаць усе аб'екты, на якіх працуе моладзь.
У ходзе наведванняў у асноўным фіксуюцца такія парушэнні: прыцягненне моладзі да работ, бяспечнаму выкананню якіх яны не навучаны, а таксама незазабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы ці непрымяненне гэтых сродкаў. У Мінпрацы адзначылі, што большасць гэтых парушэнняў устараняецца непасрэдна ў час рэйду мабільнай групы або маніторынгу.
Мінпрацы таксама параіла навучэнцам, якія хочуць упершыню працаўладкавацца, выконваць толькі тую работу, бяспечныя прыёмы выканання якой ім вядомы, і ў абавязковым парадку выкарыстоўваць неабходныя сродкі індывідуальнай аховы. Акрамя таго, не варта выконваць нават па сваёй ініцыятыве тую работу, бяспечныя прыёмы якой ім не вядомы. Варта памятаць, што прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будоўлі з'яўляюцца аб'ектамі павышанай небяспекі, і там не дапускаюцца свавольствы.-0-