28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юрый Голубеў узгоднены Прэзідэнтам на пасаду рэктара Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Адпаведнае кадравае рашэнне кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў 28 ліпеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да назначэння ў гэту вышэйшую навучальную ўстанову Юрый Голубеў быў прарэктарам па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Прэзідэнт, прыгадаўшы аб тым, што не так даўно з полацкага ўніверсітэта пайшоў на іншую работу Алег Раманаў, які працаваў там рэктарам, а цяпер ідзе і Юрый Голубеў, спытаў: "Неяк мы тут пазабіралі кадры з Полацка. Не правалімся там?"
"Не. У нас моцна, надзейна ўсё", - упэўнена адказаў Юрый Голубеў.
Наконт яго назначэння рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Я не думаю, што нейкія ў вас будуць там складанасці ў плане кіравання, падыходаў адпаведных. Вы - чалавек, які працуе і вырас на гэтым шляху. Але пытанні да гэтага ўніверсітэта былі, заўсёды былі. Я яшчэ да дэпутацкіх часоў гэта помню. Ён заўсёды неяк праходзіў у спісе нядобранадзейных. Хацелася б, каб вы, як чалавек патрыятычны, выбудавалі там сістэму так, каб моладзь разумела, дзе яна жыве і што яна павінна цаніць. Я асаблівых праблем для вас тут не бачу".
У той жа час Прэзідэнт пажадаў новаму рэктару не спыняцца ў кар'ерным росце, падкрэсліўшы, што ў сферы адукацыі заўсёды запатрабаваны прафесіяналы. "Ты ж ведаеш, што ў нас у адукацыі праблем нямала. Ідзе змена пакаленняў, таму стаўка сёння на вопытных людзей, і ніхто ад гэтага адмаўляцца не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Юрый Голубеў па выніках кадравай сустрэчы ў размове з журналістамі падкрэсліў: "Прэзідэнтам Беларусі пастаўлены задачы. Яны звязаны з фарматам правядзення ўступнай кампаніі, падагульняючай атэстацыі як на ўзроўні сярэдняй, так і вышэйшай адукацыі. Ёсць што ўдасканальваць, дапрацоўваць, рэвалюцыі не прадугледжваецца ў сістэме адукацыі. Нацыянальную мадэль адукацыі трэба пастаянна ўдасканальваць, каб рыхтаваць запатрабаваныя кадры".
"У сістэме адукацыі мы рыхтуем чалавека да жыцця і патрыёта. І на гэтым быў зроблены асаблівы акцэнт кіраўніка дзяржавы", - сказаў новы рэктар.-0-