БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

Качанава праводзіць прыём грамадзян у Ганцавічах

19.07.2023 15:07

19 ліпеня, Ганцавічы /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 19 ліпеня праводзіць прыём грамадзян у Ганцавіцкім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На прыём прыйшлі сваякі пажылога мужчыны з Віцебскай вобласці, якога пабіў хуліган, пасля чаго з цяжкімі траўмамі ён быў дастаўлены ў бальніцу. Яму праводзілі абследаванне, але на гэты час прыпала перазменка. Заступіўшыя на дзяжурства медыкі чамусьці не ведалі пра пацыента, ён заставаўся без дапамогі чатыры гадзіны. Праз некалькі дзён пенсіянер памёр. Сям'я абурана аказаннем медыцынскай дапамогі. Фігуранта асудзілі, але сваякі лічаць пакаранне мяккім.

"Міністэрству аховы здароўя трэба разабрацца наконт пытання аказання своечасовай дапамогі. Таксама наконт гэтай справы перагавару з генеральным пракурорам", - сказала Наталля Качанава.

Са сваёй бядой у Савет Рэспублікі звярнулася жыхарка Баранавіч. У яе імкліва разбураецца тазасцегнавы сустаў. Лечачы ўрач раіць як мага хутчэй правесці аперацыю. На платную ў яе не хапае грошай. Яна стаіць на чарзе на аперацыю за кошт бюджэту, просіць паскорыць працэс. Жанчына вядзе актыўны лад жыцця, выкладае ў гімназіі. З падобнай праблемай сутыкнулася і жыхарка Ганцавіч: яе непакоіць моцны боль. У чарзе стаіць са жніўня 2021 года.

"У гэтай сітуацыі, думаю, мы павінны ўлічваць стан чалавека. Калі ён не можа цярпець боль, давайце глядзець. Ёсць розныя сітуацыі. Ваша пытанне бяру на кантроль, пастараемся дапамагчы", - адказала спікер, выслухаўшы абедзвюх жанчын.

Трагічную сітуацыю перажыла жыхарка Гомеля. Яе муж трапіў у бальніцу з кровазліццём, амаль пяць месяцаў правёў у рэанімацыі, пасля чаго памёр. Жанчына абурана якасцю медыцынскай дапамогі. "Дадзім ацэнку гэтаму ўсяму, можаце не сумнявацца. Гэты зварот адпраўлю ў пракуратуру. Зразумела, чалавека не вярнуць, але мы не павінны ў далейшым дапускаць такога", - падкрэсліла Наталля Качанава.

На прыём запісалася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы ў Лунінцы. Яна не згодна з непрадаўжэннем кантракта. У гэтай установе адукацыі жанчына працавала 20 гадоў, у яе 30 гадоў педагагічнага стажу. Прычынай звальнення лічыць непрыязныя адносіны з дырэктарам школы. "Ваша задача займацца выхаваннем і навучаннем дзяцей. Недапушчальна, калі ў калектыве ўзнікаюць канфлікты. Згодна з законам наймальнік мае права не прадоўжыць кантракт, але аб гэтым трэба адкрыта сказаць работніку. На гэта рашэнне не павінны ўплываць непрыязныя адносіны", - акцэнтавала ўвагу спікер. Яна даручыла Брэсцкаму аблвыканкаму ўрэгуляваць сітуацыю і параіла беражліва адносіцца до вопытных педагогаў. Вырашэнне пытання ўзята на кантроль.

Канфлікт ускладняе жыццё жыхарам Баранавіч. Сям'я купіла ў 2016 годзе ўчастак для будаўніцтва жылога дома. Іх сусед вырашыў адкрыць аўтасэрвіс, але з парушэннямі праектнай дакументацыі. Заяўнікі лічаць, што Баранавіцкі гарвыканкам закрывае на гэта вочы. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла разабрацца ў сітуацыі Брэсцкаму аблвыканкаму. "Мы не пакідаем пытанні без далейшага кантролю. Усё будзем глядзець у рамках закону, вы павінны гэта разумець", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Члены Савета Рэспублікі сёння праводзяць адзіны дзень прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці. Сустрэчы сенатараў з заяўнікамі арганізаваны ва ўсіх раёнах паўднёва-заходняга рэгіёна.-0-

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі