6 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Трэба матываваць вытворцаў будаваць ачышчальныя збудаванні тарыфнай палітыкай. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пры наведванні беларуска-германскага сумеснага прадпрыемства "Санта Брэмар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба рэгуляваць тарыфамі. Бо прадпрыемства нясе затраты - на ўтрыманне, энергетыку. Значыць, і тарыф павінен быць іншы ў параўнанні з тымі, хто праклаў калектар і скідвае без ачысткі. Гэта абсалютна правамерна. Калі мы хочам, каб нашы прадпрыемствы будавалі ачышчальныя збудаванні як трэба, канешне, іх трэба да гэтага матываваць", - сказала Наталля Качанава.
За пэўную сістэму заахвочвання вытворцаў выступіў і кіраўнік кампаніі Аляксандр Машэнскі. Паводле яго слоў, у бліжэйшыя пяць гадоў сумеснае прадпрыемства плануе ўкласці ў розныя экалагічныя праекты $45 млн.
У Брэсце сёння праходзіць выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі на тэму "Аб сумеснай рабоце, праводзімай прыродаахоўнымі арганізацыямі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі па эфектыўным выкарыстанні і ахове прыродных рэсурсаў". Удзельнікі мерапрыемства пачалі работу з наведвання вытворчых аб'ектаў аднаго з буйнейшых вытворцаў прадуктаў харчавання не толькі краіны, але і Еўропы. Яны пабывалі ў лагістычным экакомплексе, прызначаным для захоўвання гатовай прадукцыі, і азнаёміліся з работай халадзільнага комплексу на прыродных холадагентах, уведзенага ў строй у мінулым годзе. Устаноўка магутнасцю 16 МВт забяспечвае прамысловым холадам цэхі сумеснага прадпрыемства, не разбураючы пры гэтым азонавы слой і дазваляючы знізіць выкід вуглякіслага газу на 4,2 т за год.
Пасяджэнне Савета пройдзе ў будынку Брэсцкага аблвыканкама. На яго запрошаны кіраўнікі рэспубліканскіх ведамстваў, дэпутаты, сенатары. Удзел прымаюць старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
Плануецца, што пасля завяршэння работы ўдзельнікі мерапрыемства наведаюць мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", дзе ўскладуць вянок і кветкі да Вечнага агню.-0-