26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе 1284 мясцовыя саветы дэпутатаў сфарміраваны ў правамоцным складзе. Аб гэтым паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі аб папярэдніх выніках выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання ў інфармацыйным цэнтры ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, усе 1284 мясцовыя саветы дэпутатаў сфарміраваны ў правамоцным складзе. З іх 6 абласных і Мінскі гарадскі саветы, 118 раённых, 10 гарадскіх гарадоў абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх гарадоў раённага падпарадкавання, 8 пасялковых, 1127 сельскіх", - сказаў Ігар Карпенка.
Старшыня ЦВК дадаў, што выбарчая кампанія прайшла ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам і каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні адзінага дня галасавання.-0-