25 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэст дастойна прыме спаборніцтвы па плаванні і гандболе на II Гульнях краін СНД. Аб гэтым заявіў журналістам міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Кавальчук сёння прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы ў Брэсцкім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Ён расказаў, што падзея ўдала супала з яго паездкай у Брэст з нагоды падрыхтоўкі да II Гульняў краін СНД. "Брэст мае добрыя традыцыі ў арганізацыі розных мерапрыемстваў. Тут мы ўжо не раз праводзілі міжнародныя спаборніцтвы. Нават не сумняваюся, што Брэст на дастойным узроўні арганізуе і правядзе спаборніцтвы і па плаванні, і па гандболе. Традыцыі ў двух відах спорту закладзены выдатныя", - падзяліўся меркаваннем Сяргей Кавальчук.
У Брэсце абмяркоўваюць не толькі арганізацыйныя моманты, звязаныя з правядзеннем Гульняў. Спецыялісты ацэньваюць спартыўныя арэны, якія прымуць спаборніцтвы, гасцініцы. "У першую чаргу ўвага на арганізацыю непасрэдна месцаў правядзення спаборніцтваў, на месцы пражывання і харчавання людзей, якія прыедуць сюды. Не забываем і пра іншыя аспекты: транспарт, медыцынскае забеспячэнне, забеспячэнне бяспекі. Усе гэтыя пытанні сёння закраналіся ў час аб'езду аб'ектаў. Засталося два месяцы да мерапрыемства. Нешта трэба будзе падкарэкціраваць. Думаю, што гэтыя моманты нязначныя. Брэст і спецыялісты, якія тут працуюць, маюць дастатковую кампетэнцыю для правядзення такіх мерапрыемстваў", - падкрэсліў міністр спорту і турызму.
На Гульнях краін СНД спаборніцтвы па плаванні пройдуць у брэсцкім Палацы водных відаў спорту, па гандболе - у сценах палаца гульнявых відаў спорту "Вікторыя".-0-