10 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Спаборніцтвы II Гульняў краін СНД карыстаюцца папулярнасцю ў гледачоў. Аб гэтым паведаміў 10 жніўня журналістам у Брэсце міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён прывёў некалькі прыкладаў з наведвальнасцю арэн у рэгіёнах. "У Гомелі прайшлі спаборніцтвы па дзюдо - запоўненыя трыбуны. У Гродне на спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы таксама запоўненыя трыбуны. Цяпер у Оршы спаборніцтвы па боксе - яблыку няма дзе ўпасці. У Мінску ідзе звычайны матч па валейболе, гуляюць жаночыя і мужчынскія зборныя Беларусі і Арменіі - поўнасцю запоўненыя трыбуны. Спаборніцтвы праводзяцца для людзей, і самы галоўны індыкатар - увага гледачоў", - падкрэсліў Сяргей Кавальчук.
Міністр спорту і турызму не стаў параўноўваць Гульні краін СНД з іншымі міжнароднымі турнірамі. "Гэта будзе няправільна, у нас свае спаборніцтвы. Гульні краін СНД набіраюць абароты. Гульні, якія два гады таму прайшлі ў Казані, былі пробнымі. Беларусь узняла планку, і яна знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні. У Азербайджане, які праз два гады будзе іх праводзіць, думаю, агульнымі намаганнямі выведзем Гульні на яшчэ больш высокі ўзровень. Гэта цікава і спартсменам, і гледачам, і нам, функцыянерам, якія арганізоўваюць такія мерапрыемствы", - сказаў Сяргей Кавальчук.
Удзельнікі спаборніцтваў дзеляцца станоўчымі водгукамі аб знаходжанні ў Беларусі. "Прадстаўнікі дзяржаў, якія прыехалі сюды, у захапленні ад нашай гасціннасці, прыгажосці прыроды, арганізацыі спаборніцтваў. Гэта вялікі плюс для іміджу нашай дзяржавы", - перакананы міністр.
Сяргей Кавальчук дадаў, што абмяркоўваецца ідэя арганізоўваць чэмпіянаты сярод краін Садружнасці. "Можа, у рамках краін СНД (асабліва нам важны маладзёжны і дзіцячы спорт) зможам арганізоўваць чэмпіянаты СНД па асобных відах спорту. Гэта абмяркоўвалася на калегіі Міністэрства спорту і турызму, каб у далейшым удасканальваць у рамках Садружнасці такія спаборніцтвы", - рэзюмаваў міністр спорту і турызму.
У Брэсце сёння прайшоў першы дзень спаборніцтваў на турніры па плаванні. Сяргей Кавальчук з трыбун Палаца водных відаў спорту паназіраў за фінальнымі заплывамі спартсменаў.-0-