5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінчанін Аляксандр Анатольевіч звярнуўся са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў аднаго з банкаў пры прадастаўленні яму крэдыту. Ён просіць дапамогі ў абароне яго законных правоў.
"Мы прымаем вашу заяву для разгляду і разбяромся ў гэтай сітуацыі", - адзначыў Ігар Сергяенка.
Ірына Анатольеўна прыехала з Магілёва. Заяўніца прадстаўляе інтарэсы таварыства ўласнікаў і прапануе ўнесці змяненні ў адзін з артыкулаў Кодэкса аб зямлі.
"Мы да Ігара Пятровіча звярнуліся за справядлівасцю. Нас ушчамляюць у нашых правах, - расказала жыхарка Магілёва. - У нас ёсць паркоўка, за якую мы заплацілі. Мы ёю карысталіся больш за 10 гадоў, і цяпер у нас яе хочуць забраць. Спадзяёмся, што нам тут дапамогуць".
Ігар Сергяенка ўзяў пытанне на асабісты кантроль.
Любоў Міхайлаўна з Бабруйска хадайнічае аб капітальным рамонце дома. Разам з тым перспектыўнай праграмай капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2023-2027 гады капітальны рамонт дома не плануецца. Спікер даручыў мясцовай уладзе разабрацца ў сітуацыі, што склалася. "Я абяцаю ўзяць на кантроль ваша пытанне, - падкрэсліў Ігар Сергяенка. - Падключым вашага дэпутата".
Зінаіда Васільеўна не згодна з рашэннем медыка-сацыяльнай экспертызы аб зняцці статусу "інвалід дзяцінства" ва ўнучкі 2002 года нараджэння. У 2024 годзе на прыёме ў міністра аховы здароўя рашэнне камісіі пакінута ў сіле. Заяўнік праінфармавана аб тым, што абскардзіць рашэнне камісіі можна ў судзе.
"Праблема, якую ставіць грамадзянка, не з'яўляецца праблемай, - растлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка. - Дзяржава на ўсіх этапах жыцця і развіцця (як у дзіцячым, так і падлеткавым узросце) рабіла ўсё для таго, каб дзіця было ў першую чаргу адаптавана да жыцця і атрымала прафесію. Дзяўчына была пратэзавана, атрымала прафесію ў спецыяльнай групе і сёння даволі паспяхова працуе ва ўстанове аховы здароўя. І па вялікім рахунку сама дзяўчына не агучвае вялікіх праблем. Патрабаванні бабулі вельмі вялікія. Разам з тым яны будуць узяты пад асобны кантроль і мы паглядзім на гэту сітуацыю з усіх бакоў".
Міхаіл Іванавіч пражывае ў горадзе Баранавічы. Мужчына паскардзіўся на існуючыя будаўнічыя дэфекты ў кватэры па вул. Дамейкі. У ліпені 2020 года праводзілася абследаванне канструкцый у мэтах устанаўлення адпаведнасці апорных канструкцый палажэнням ТНПА. У выніку візуальнага агляду выяўлены дэфекты, якія не зніжаюць апорнай здольнасці. Рэкамендавана выканаць рамонтныя работы. Пытанне ўзята на кантроль.
Трэба адзначыць, што ў час асабістага прыёму была выкарыстана новая форма - прадстаўнікі Бабруйскага і Баранавіцкага гарвыканкамаў размаўлялі са спікерам і заяўнікамі па відэа-канферэнц-сувязі.
Аляксей Пятровіч звярнуўся з прапановай па ўнясенні змяненняў у заканадаўства ў частцы павелічэння памеру грашовага забеспячэння ваеннаслужачых тэрміновай службы, выплаты імі транспартнага падатку, магчымасці прадастаўлення ім крэдытных канікул (крэдыт на вучобу, спажывецкі крэдыт). Па ўсіх пытаннях былі дадзены кампетэнтныя тлумачэнні.-0-
Фота Сяргея Шэлега