У Беларусі летам будзе арганізавана работа амаль 6 тыс. дзіцячых лагераў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Стабільна функцыянуе лячэбна-аздараўленчы комплекс, база якога дазваляе штогод аказваць паслугі па аздараўленні да 1,5 млн чалавек. За мінулы год і мінулы перыяд гэтага года на яе развіццё, правядзенне бягучых і капітальных рамонтаў, набыццё сучаснага абсталявання накіравана больш за Br100 млн", - расказаў Ігар Петрышэнка.
Планамерна павышаецца якасць аказваемых паслуг, укараняюцца сучасныя лячэбныя і рэабілітацыйныя тэхналогіі. "Канкурэнтаздольнасць паслуг пацвярджаецца рэальна высокім попытам з боку замежных грамадзян. Іх колькасць у мінулым годзе перасягнула 188 тыс. чалавек, што на 35 працэнтаў больш за 2021 год. Паводле ацэнкі, дынаміка бягучага года будзе яшчэ больш высокай", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
"Безумоўна, прыярытэтная ўвага - аздараўленню нашых грамадзян, забеспячэнню даступнасці для іх такіх паслуг. У 2022 годзе санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў прайшлі 765 тыс. чалавек, што на 10 працэнтаў больш, чым у 2021 годзе. На названыя мэты накіравана больш за Br220 млн. Бясплатнымі і патанненымі пуцёўкамі забяспечаны 86 тыс. дзяцей, што пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і амаль 9 тыс. дзяцей-інвалідаў. У летні перыяд бягучага года будзе арганізавана работа каля 6 тыс. дзіцячых лагераў. Аздараўленнем плануецца ахапіць не менш за 380 тыс. чалавек. Агульныя патрабаванні тут застаюцца ранейшымі: адпачынак дзяцей павінен быць бяспечным, карысным для іх развіцця і выхавання, а таксама даступным з фінансавага пункту гледжання", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
"Пашырэнню турыстычных магчымасцей, паслуг беларускіх здраўніц садзейнічаюць дзяржаўныя СМІ, у тым ліку электронныя, работа якіх у сучасным свеце становіцца вельмі важнай", - дадаў віцэ-прэм'ер.