12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чым больш асабістых дасягненняў, тым мацней наша Беларусь. Важнасць гэтага адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня ў час цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння, напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства, мы ўшаноўваем працавітых, адданых сваёй краіне людзей, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вы прыехалі з розных куткоў Беларусі, да свайго поспеху таксама ішлі рознымі дарогамі, але сёння гэтыя дарогі сышліся ў адзіны шлях. Наш шлях. Ён адкрыў перад вамі дзверы сімвала нашай незалежнасці - Палаца Незалежнасці, прывёў да заслужаных узнагарод".
Як лічыць Прэзідэнт, у гэтай падзеі ёсць пэўны сімвалізм. "Працуючы ў самых розных сферах, ставячы перад сабой самыя розныя мэты, мы дасягаем высокіх вынікаў, якія становяцца агульным поспехам, поспехам усёй нашай краіны, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - І чым больш асабістых дасягненняў, тым мацней наша Беларусь".
"Кожны з вас увасабляе лепшыя нацыянальныя рысы беларусаў. Гэта працавітасць, якая праяўляецца ў жаданні развіваць свае здольнасці, пастаянна вучыцца і прафесійна расці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта патрыятызм, які мы бачым у імкненні служыць Айчыне, гатоўнасці ў любы момант стаць на абарону гэтай Айчыны. Вырошчваючы хлеб, навучаючы і выхоўваючы дзяцей, дапамагаючы людзям з цяжкім лёсам, выратоўваючы жыцці, вы дэманструеце адказнасць, міласэрнасць і чалавекалюбства беларускага народа - галоўныя яго рысы. Ваша творчасць адлюстроўвае прыгажосць і гармонію нашай культуры. Навуковыя дасягненні паказваюць інтэлектуальную моц, а спартыўныя перамогі - сілу духу нашай нацыі".
Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў: "Ваш жыццёвы вопыт - гэта яркія старонкі нашай агульнай гісторыі. Гісторыі суверэннай незалежнай Беларусі".
"Я хачу падзякаваць вам, а ў вашай асобе ўсім беларусам, якія аддаюць часцінку сваёй душы любімай справе, людзям і роднай краіне", - адзначыў Прэзідэнт.-0-