5 чэрвеня, Іркуцк /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня наведаў Іркуцкі авіяцыйны завод (ІАЗ), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На заводзе кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з этапамі вытворчасці ваеннай авіяцыйнай тэхнікі (тут, дарэчы, робяць самалёты і для беларускіх Ваенна-паветраных сіл), зборкі пасажырскага лайнера МС-21. Кіраўніцтва прадпрыемства падрабязна праінфармавала Прэзідэнта Беларусі аб выпускаемай прадукцыі і перспектыўных распрацоўках.
Іркуцкі авіяцыйны завод нацэлены на пашырэнне вытворчай кааперацыі з авіяцыйнымі прадпрыемствамі Беларусі. Таму тэма рэалізацыі сумесных праектаў, напрыклад у станкабудаванні і мікраэлектроніцы, стала асноўнай у час візіту кіраўніка дзяржавы.
"Яны хочуць на базе Беларусі гэта рабіць - трэба брацца і рабіць", - падтрымаў Аляксандр Лукашэнка развіццё кааперацыйных сувязей.
Перш за ўсё размова ідзе аб распрацоўцы пасажырскіх і транспартных тэхналогій. Беларусы ўжо дапамагаюць расійскім партнёрам, пастаўляючы камплектуючыя, рамантуючы і мадэрнізуючы авіяцыйную тэхніку, але перспектывы значна шырэй. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў кіраўніцтву прадпрыемства вызначыць новыя нішы і, не адкладаючы на потым, пачынаць работу.
"Мне трэба найноўшыя тэхналогіі, г.зн. мы хочам быць уманціраваны ў вашы працэсы па высокіх тэхналогіях. І гэта павінна быць наша агульнае - Беларусь і Расія не павінны дзяліць. Як мы часта гаворым, тавар Саюзнай дзяржавы. Давайце ўраўнуем у правах беларускія і расійскія тавары, каб не было ніякіх праблем. І тады знікнуць размовы, хто каго паглынае і аб’ядноўвае. Эканоміка ўсё паглыне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
На заводзе Аляксандру Лукашэнку падарылі мадэль знішчальніка Су-30.
"Мой любімы самалёт", - заявіў Прэзідэнт.
"Самае галоўнае - высокаманеўраны", - адзначыў гендырэктар Іркуцкага авіязавода Аляксандр Вепраў.
Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя рэалізуе праграму імпартазамяшчэння і нарошчвання тэмпаў вытворчасці. У сувязі з гэтым развіццё супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Беларусі набывае важнейшае значэнне.
"Плануецца наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з беларускімі вытворцамі, у тым ліку па нарошчванні аб'ёму паставак авіяцыйных кампанентаў, вузлоў і агрэгатаў", - расказалі журналістам на заводзе.
Таксама прапрацоўваецца магчымасць стварэння на тэрыторыі Беларусі пляцовак для рамонту і сэрвіснага абслугоўвання пастаўленай у рэспубліку расійскай авіятэхнікі.
Іркуцкі авіяцыйны завод лічыцца адным з высокатэхналагічных, навукаёмістых прадпрыемстваў расійскага авіяпрама, якія дынамічна развіваюцца. З 1932 года завод выпусціў каля 7 тыс. самалётаў больш як 20 тыпаў, якія пастаўляліся ў 40 краін. Магчымасці завода дазваляюць выконваць поўны цыкл работ, які ўключае канструктарскую і тэхналагічную падрыхтоўку вытворчасці новай авіяцыйнай тэхнікі, выраб аснасткі, выпуск доследных і серыйных самалётаў, іх наземныя і лётныя выпрабаванні, пасляпрадажнае абслугоўванне.
Аснову сучаснай вытворчай праграмы ІАЗ складаюць мнагамэтавыя знішчальнікі Су-ЗОМК і Су-ЗОСМ, вучэбна-баявыя самалёты новага пакалення Як-130, кампаненты для пасажырскіх самалётаў, рэалізуецца праграма капітальнага рамонту раней выпушчаных самалётаў. Ідзе падрыхтоўка да серыйнай вытворчасці новага вучэбна-трэніровачнага самалёта Як-152, разгортваецца серыйны выпуск перспектыўнага пасажырскага лайнера сямейства МС-21.-0-