19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары павінны перш за ўсё адпавядаць нацыянальнаму заканадаўству дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 верасня на сустрэчы з кіраўнікамі выбарчых органаў краін СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба вывучаць і сусветны вопыт. Наўрад ці мы там нешта пяроймем, напэўна, мы ўсё ўжо вывучылі і прынялі ў сябе дома адпаведныя рашэнні. Важна распрацоўваць уласныя стандарты, і галоўны стандарт, якога мы з вамі заўсёды прытрымліваемся, - гэта не тое, як нам навяжуць нейкія прынцыпы "па паняццях" з боку АБСЕ ці яшчэ якіх-небудзь арганізацый, а тое, наколькі будуць адпавядаць нашы законы і падзаконныя акты Канстытуцыі і наколькі выбары будуць адпавядаць таму заканадаўству, якое прынята ў нашых краінах. Гэта галоўнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі хутка пройдзе прэзідэнцкая электаральная кампанія, і ў краіне зыходзяць менавіта з агучаных ім прынцыпаў. "Беларускі народ павінен сам, без усялякага націску вызначыць, хто будзе ўзначальваць краіну", - заявіў Прэзідэнт.
Немалаважна таксама гарантаваць належны ўзровень бяспекі выбарчага працэсу і забяспечыць давер грамадзян да яго вынікаў. "Асабліва на моладзь звяртаем увагу. Тут у полі зроку перш за ўсё палітычная дасведчанасць моладзі. Трэба растлумачваць, расказваць людзям, як мы будзем жыць пасля выбараў. Моладзь з'яўляецца - і гэта не сакрэт - асноўным вулічным сродкам каляровых рэвалюцый, таму асаблівую ўвагу мы ўдзяляем моладзі. Трэба шукаць агульныя падыходы з маладымі выбаршчыкамі, і калі ў вас ёсць такі вопыт, вы падзяліцеся ў ходзе наведвання Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што ўзаемадзеянне цэнтральных выбарчых органаў краін СНД дасць магчымасць паспяхова вырашаць самыя сур'ёзныя задачы і праблемы. "Мне вельмі хацелася б, каб вы і ў далейшым захавалі вось такое дзелавое супрацоўніцтва, якое склалася паміж цэнтральнымі выбарчымі камісіямі. Гэта, як у нас кажуць, дарагога варта. Нам гэта ні ў якім разе нельга страціць", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-