3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні па фарміраванні эканамічнага блока ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, цяперашні склад можна назваць "новым старым". Паколькі многія з яго былі назначаны і працавалі да выбараў, каб выбаршчыкі загадзя разумелі, з кім Прэзідэнт будзе працаваць.
Аднак адметнасцю работы ўрада ў новым складзе стане істотнае ўзмацненне ролі віцэ-прэм'ераў. "Яшчэ раз хачу абазначыць асаблівасць работы будучага ўрада, на якой буду настойваць. Гэта асаблівасць у тым, што значна большую вагу будуць мець намеснікі прэм'ер-міністра. Старшыня ўрада ў нас - старшыня, ён арганізоўвае работу ўрада, вядзе пасяджэнні ўрада, але ні ў якім разе не прымае якіх-небудзь асабістых рашэнняў і не стаіць над членамі ўрада, перш за ўсё над віцэ-прэм'ерамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па рашэнні Прэзідэнта эканамічны блок урада ўзначаліў Мікалай Снапкоў. Ён назначаны першым намеснікам прэм'ер-міністра.
Кіраўнік дзяржавы таксама назначыў Артура Карповіча міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзмітрыя Кійко - міністрам па падатках і зборах, Юрыя Селіверстава - міністрам фінансаў, Юрыя Чабатара - міністрам эканомікі, Кірыла Залескага - міністрам сувязі і інфарматызацыі, Дзмітрыя Матусевіча - старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
"Гэта блок, якім будзе займацца Мікалай Генадзьевіч Снапкоў, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - У яго і так нямала паўнамоцтваў было, ёсць, але гэта з-за яго асабістых якасцей, ён умеў абараніць свае напрамкі работы, паўнамоцтвы. Але я хачу, каб гэта пачулі ўсе, і перш за ўсё - тыя, хто тут сядзяць".
Пра эканамічны рост і інвестыцыі
Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад эканамічным блокам урада, Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё падкрэсліў неабходнасць прыцягнення інвестыцый. "Асноўнай задачай для гэтага блока і Мікалая Генадзьевіча (першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. - Заўвага БЕЛТА) асабіста застаецца эканамічны рост, а гэта перш за ўсё інвестыцыі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў аб ініцыятыве "Адзін раён - адзін праект", якая атрымала нядрэннае развіццё. "Я гатовы да таго, каб на аснове гэтай ініцыятывы мы бачылі новыя ідэі. Але інвестыцыі павінны нарастаць. І мы плануем, што за пяцігодку мы атрымаем рост інвестыцый прыкладна на трэць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяляць рэалізацыі знакавых інвестыцыйных праектаў, у ліку якіх індустрыяльны парк "Вялікі камень", Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, вытворчасць легкавых аўтамабіляў BELGEE. "Я спадзяюся, што з'явяцца і новыя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам трэба абавязкова звярнуць увагу на адток людзей з рэгіёнаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць гэтага адтоку. Дыферэнцыяцыя ў заработнай плаце павінна быць скарочана. Людзі павінны атрымліваць заработную плату ў рэгіёнах прыкладна такую, як у Мінску", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Пра малы і сярэдні бізнес
Яшчэ адна важная задача - безумоўная рэалізацыя закона аб пераводзе індывідуальных прадпрымальнікаў у малы бізнес. "На чым настойваў Снапкоў і тая група, якую ён узначальвае. Да 2030 года сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва павінен фарміраваць амаль палову эканомікі. Гэта таксама яго прапанова", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае і на эфектыўнае ўкараненне інстытута самазанятых. Тут, паводле слоў Прэзідэнта, галоўная задача - "абяленне" ўсяго рынку працы. Іншымі словамі, каб усё было адкрыта і празрыста.
Пра лічбавізацыю
Аляксандр Лукашэнка даручыў Мікалаю Снапкову таксама каардынаваць стварэнне ўзаемадзейных інфармацыйных сістэм і цэнтралізацыю даных. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вызначыцца, што ўсё ж такі маецца на ўвазе пад лічбавізацыяй.
"А то мы "лічбавізацыя, рабатызацыя, інфарматызацыя і штучны інтэлект", а адрозніць гэтыя паняцці нават не можам, не тое што ў гэтым плане дзейнічаем. Два-тры чалавекі нешта разумеюць, і пайшлі ламацца, а назад не глядзім: ідуць за намі людзі, грамадства, ці не. Таму, так, трэба быць наперадзе ў гэтых напрамках, перш за ўсё, у штучным інтэлекце і гэтак далей, разумець, што гэта такое, але дакладна ўяўляць, што нам сёння патрэбна, а што нам сёння не патрэбна, без чаго мы можам абысціся", - сказаў Прэзідэнт.-0-