10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аснове адзінства Беларусі і Расіі павінна быць перш за ўсё эканоміка. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Андрэем Траўнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адзінства дзвюх дзяржаў - гэта перш за ўсё эканоміка. Менавіта так мы бачым гэта з Беларусі. Калі будзе такі ж рух, як цяпер, у эканоміцы, калі будуць такія добрыя адносіны ў нас з Расіяй, як са многімі рэгіёнамі, у тым ліку з вашым, паверце, не трэба ніякай агітацыі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Дзве краіны маюць усё неабходнае для таго, каб выбудоўваць адносіны, канстатаваў беларускі лідар. За доўгі перыяд супрацоўніцтва яны ўжо зразумелі, прааналізавалі свае памылкі, недахопы і цяпер разам рухаюцца наперад у правільным напрамку.
"У першыя дні санкцыйнага націску на нас я заўсёды гаварыў, знаходзячыся ў Расіі і на вялікіх форумах: мы з гэтай сітуацыі выйдзем, нам трэба крыху часу", - адзначыў Прэзідэнт.
Праз паўтара-два гады з часу ўвядзення санкцый словы Аляксандра Лукашэнкі пацвярджаюцца на практыцы. Таму цяпер трэба далей па тым жа шляху актывізацыі ўзаемадзеяння ісці, выкараняючы недахопы і недапрацоўкі, дапушчаныя на першапачатковым этапе. "Дзякуй богу, што мы адзінства сваё захавалі", - падкрэсліў Прэзідэнт, характарызуючы ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі.
А ў адносінах да тых замежных кампаній, якія пад уздзеяннем санкцый вырашылі пакінуць беларускі і расійскі рынкі, Аляксандр Лукашэнка выказаўся коратка: "Пайшлі - да пабачэння".
"Я заўсёды, усе свае гады, колькі я працую, Расію заклікаў да таго, што нам трэба сваё, сваё, сваё, - прадоўжыў ён. - Не трэба ад нафты і газу долары пераводзіць у нейкую, прабачце, жратву або гайкі і балты. Мы самі гэта ўмелі рабіць". Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для Расіі і Беларусі пры развіцці кааперацыі важна не дапусціць дубліравання вытворчасцей.
"Я рады, што ў Расіі нарэшце ацанілі магчымасці Беларусі, таму што практычна ні адно буйное, сярэдняе прадпрыемства ў нас не развалілася, не загінула. У асноўным (можа, гэта не падабаецца расіянам) яны дзяржаўныя, працуюць нядрэнна, кіруемыя, прынамсі. І сёння ідзе магутная кааперацыя (з расійскім бокам. - Заўвага БЕЛТА). Нам толькі нельга дапусціць цяпер (грошай лішніх няма) дубліравання вытворчасці. Тое, што ёсць у нас, будзе заўсёды працаваць на расійскім рынку. Тое, што ёсць у вас, мы заўсёды, калі такая патрэбнасць ёсць і будзе, купім. Таму нельга дапусціць дубліравання", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-