15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прадоўжаць аказваць дзяржпадтрымку шматдзетным. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы чыноўнікаў з дакладам аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з пытанняў была падтрымка шматдзетных. Наконт гэтага кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі прадоўжаць аказваць падтрымку гэтай катэгорыі грамадзян, але падыход павінен быць дыферэнцыраваны. "Агулам тут працаваць нам нельга, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Так, мы будзем падтрымліваць тых, хто нараджае дзяцей, асабліва ў якіх пяцёра дзетак і больш (ёсць і такія)".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі дзяржава аказвае падтрымку шматдзетным па шэрагу напрамкаў, у тым ліку ў вырашэнні жыллёвага пытання. Але пры гэтым важна, каб такая дапамога была адраснай і трапляла да таго, хто ў ёй на самай справе мае патрэбу.
"Па жыллі мы сто працэнтаў вырашым пытанне, а гэта - найважнейшае пытанне. Мы таксама вырашаем пытанне па сямейным капітале. Прынялі вельмі сур'ёзныя рашэнні. Таму тут нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць і глядзець, што нам трэба, што не трэба. А галоўнае - мы можам ці не можам. "Верталётных" грошай быць не павінна. У гэтай праблеме я ўжо звяртаў вашу ўвагу не адзін раз - каб не агулам прымаць рашэнні", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да выпадкаў, калі сацыяльная падтрымка шматдзетным не даходзіць непасрэдна да дзяцей з-за нядбайных бацькоў.
"Мы павінны, мы дапамагаем дзецям. Таму грошы павінны дайсці да дзяцей. Ну што тут цямніць адзін перад адным - шмат яшчэ сем'яў, якім наогул у рукі нельга даваць грошы, таму што праз двое сутак гэтых грошай не становіцца, яны знікаюць, прапіваюцца, шчыра кажучы. Таму нам і тут трэба ўстанавіць пэўны кантроль за пэўнымі сем'ямі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.-0-