9 жніўня, Шклоў /Кар. БЕЛТА/. Тэма сённяшняга дня - парадак і далейшае рэфармаванне сельскай гаспадаркі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Шклове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Шклове кіраўнік дзяржавы сабраў нараду па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Шклоўскага і Аршанскага раёнаў. Аднак Аляксандр Лукашэнка адразу паставіў пытанне шырэй - у маштабах усёй краіны. "Тэма сённяшняга дня - парадак і далейшае рэфармаванне сельскай гаспадаркі", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, трэба таксама ўдзяліць увагу ролі старшынь райвыканкамаў. Размова аб нарматыўна-прававым рэгуляванні іх дзейнасці і дакладным разуменні паўнамоцтваў і кола пытанняў. "Думаю, што да нас ёсць пытанні. Да мяне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў краіне фактычна няма нарматыўна-прававога акта аб старшынях райвыканкамаў або аблвыканкамаў, дзе дакладна для ўсіх выкладаліся б адпаведныя пытанні. "А гэта трэба, каб адкрылі кніжку і пачыталі: вось мае (старшыні выканкама. - Заўвага БЕЛТА) паўнамоцтвы, функцыі", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён растлумачыў, што тады для ўсіх было б зразумела, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў, не было б спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і межаў кампетэнцыі.
Гаворачы аб развіцці сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт нагадаў аб тым, з чаго ўсё пачыналася на заранку станаўлення Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы. Першая праграма адраджэння, а па сутнасці - выратавання вёскі стала лагічным працягам перадвыбарнай праграмы будучага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, галоўным пасылам якой было адвесці краіну ад прорвы. Тады востра стаяла задача забяспечыць людзей прадуктамі харчавання, паколькі іх не хапала, многія выдавалі па талонах. "Таму была пастаўлена простая жыццёвая задача - накарміць людзей", - нагадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, адсутнасць фінансавых сродкаў у дзяржаве не дазволіла адразу прыняць праграму адраджэння вёскі. "Патрэбны былі пэўныя сродкі для таго, каб падняць сельскую гаспадарку і тым самым накарміць людзей", - сказаў ён.
Яшчэ адзін важны напрамак, на якім сканцэнтраваліся тады, - гэта мабілізацыя людзей, сярод якіх была ў тыя гады сур'ёзная разгубленасць. Без памылак на першапачатковым этапе на абышлося. Быў вопыт па арганізацыі фермерскіх гаспадарак, для якіх зямлю дзялілі, рэзалі на кавалкі. Аднак нават у той час усё ж захавалі буйныя сельгасугоддзі, на якіх базіраваліся саўгасы і калгасы. І, як паказаў час, менавіта гэта рашэнне было самым правільным. Паколькі цяпер якраз ідзе размова аб неабходнасці аб'яднання шэрага гаспадарак, іх узбуйнення. Па гэтым шляху ідуць многія і ў суседніх краінах.
Да гэтага часу ў Беларусі рэалізаваны шэраг праграм па сельскай гаспадарцы, створана сур'ёзная база для яе развіцця, асабліва ў Шклоўскім і Аршанскім раёнах. Гэта пацвердзіў і новы кіраўнік Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ, калі прыбыў на месца (а яму, як ранейшаму міністру сельскай гаспадаркі і харчавання, ёсць з чым параўноўваць). База для сельскай гаспадаркі, паводле яго слоў, у раёне шыкоўная.
Падводзячы вынікі зробленаму ў папярэдні перыяд, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта зусім не азначае, што цяпер можна спыняцца на дасягнутым. "Мы адвялі народ ад прорвы, мы яго накармілі, адзелі і гэтак далей, да таго падобнае. Можна супакоіцца? - Не", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе, паводле слоў Прэзідэнта, неабходна вызначыць далейшыя крокі па ўдасканаленні і развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць вырашэння вельмі важнага пытання - вызначыцца з метадамі павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці двух валаўтваральных раёнаў.
Спачатку размова зайшла пра Оршу. Імпульс для развіцця рэгіён атрымаў у канцы 2018 года, калі Прэзідэнт падпісаў указ нумар 506 "Аб развіцці Аршанскага раёна" з мэтай павысіць узровень і якасць жыцця людзей.
Была прынята пяцігадовая праграма паскоранага развіцця, якая ахапіла практычна ўсе напрамкі вытворчасці і сацыяльнай сферы. "Праект паказальны. Выкарыстоўвалі праграмна-мэтавы метад. Вызначылі элементы інтэгравання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе неабходныя рэсурсы былі выдзелены, а канкрэтна ў АПК Аршанскага раёна ўкладзена звыш Br1 млрд. "Раён крыху прыўзнялі. Павялічылі зарплаты людзей. Запаволіўся (толькі запаволіўся) адток кадраў", - звярнуў увагу на пазітыўны эфект кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым былі названы і недахопы. Так, не ўсе мерапрыемствы, прадугледжаныя праграмай, былі выкананы, не дасягнуты шэраг вытворчых і фінансавых паказчыкаў. У прыватнасці, не ўдалося выйсці на параметры па збожжавых і лёне. Засталіся недазагружаны сыравінай новыя магутнасці па перапрацоўцы. Шэраг ферм да гэтага часу не запоўнены жывёлай.
"Думаю, вам давядзецца сур'ёзна папрацаваць, каб гэту праграму давесці да лагічнага завяршэння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-