8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўнёс у парламент законапраект "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", рэалізаваўшы сваё канстытуцыйнае паўнамоцтва суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Распрацоўкай законапраекта займалася спецыяльна створаная пры Адміністрацыі Прэзідэнта рабочая група. З улікам установак кіраўніка дзяржавы, дадзеных 11 студзеня на нарадзе па асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці, рабочая група правяла сістэмны аналіз норм крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага законаў. Па яго выніках выпрацаваны і рэалізаваны ў рамках законапраекта наступныя падыходы.
Перагледжаны санкцыі 97 складоў злачынстваў. З іх 65 складоў дапоўнены альтэрнатыўнымі больш мяккімі відамі пакаранняў (24 склады сёння змяшчаюць пазбаўленне волі як адзіна магчымае пакаранне). Яшчэ ў 32 склады ўнесены карэкціроўкі, у тым ліку для ўстаранення дысбалансу ў санкцыях.
Узмацняецца гуманістычны складнік крымінальнага закона. Устанаўліваецца, што ўпершыню ўчыніўшым няцяжкія злачынствы жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама непаўналетнім і інвалідам І групы пазбаўленне волі не назначаецца. Выключэнне будуць складаць выпадкі, калі асоба ўчыніла злачынства экстрэмісцкай накіраванасці або звязанае з прымяненнем насілля. Аналагічныя правілы прадугледжаны ў частцы ўзяцця пад варту.
Пераводзяцца ў справы прыватна-публічнага абвінавачання (узбуджаюцца па заяве пацярпелага) злачынствы аб парушэнні правіл дарожнага руху, якія прывялі да прычынення шкоды блізкім сваякам бо членам сям'і вінаватай асобы (ч.2 арт.317 КК). Гэта мера прызначана садзейнічаць унутрысямейнаму ўрэгуляванню канфлікту.
Законапраектам скарэкціраваны нормы аб адказнасці за нарказлачынствы. Прадугледжваюцца альтэрнатыўныя больш мяккія пакаранні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў за набыццё або захоўванне наркотыкаў (ч.1 арт.328 КК); абмежаванне волі за разавыя выпадкі іх збыту (ч.2 арт.328 КК). Адначасова скарачаецца ніжні памер пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі (ч.4 арт. 328КК).
Адпаведныя меры дадуць магчымасць судам больш гібка падыходзіць да пытанняў назначэння пакарання з улікам грамадскай небяспекі злачынства і асобы вінаватага.
Далейшая работа над законапраектам будзе ажыццяўляцца на пляцоўцы парламента.-0-