11 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай крэпасці далі афіцыйны старт будаўніцтву Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачыстае адкрыццё Усебеларускай маладзёжнай будоўлі адбылося на Кобрынскім умацаванні. У сімвалічнай акцыі прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністр адукацыі Андрэй Іванец, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў, кіраўніцтва Брэста, асабовы склад Брэсцкага гарнізона, пагрангрупы, рэктары і студэнты ВНУ вобласці, педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі спартыўных, ветэранскіх, грамадскіх арганізацый - усяго больш за 200 чалавек.
"Радасна, што маладое пакаленне, маладыя людзі хочуць і імкнуцца быць патрыётамі сваёй краіны. Стварэнне такога цэнтра дасць магчымасць нам выхоўваць людзей, якія будуць з гонарам несці славу дзядоў і прадзедаў. Аб'ект аб'яўлены Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Але, я думаю, гэта будоўля для ўсіх грамадзян нашай краіны, і прыкласці руку да гэтага аб'екта павінны ўсе беларусы. Сённяшні наш збор - гэта толькі пачатак шляху. Але мне хацелася б, каб гэты шлях быў нядоўгім. Каб мы ўсёй краінай, сабраўшыся ў адзіны кулак, зрабілі вялікую работу, якая дасць магчымасць дастойна выхоўваць падрастаючае пакаленне", - сказаў Ігар Луцкі.
Аляксандр Лук'янаў адзначыў, што вельмі важна фарміраваць пачуццё адказнасці за мінулае, сучаснасць і будучыню. І не толькі фарміраваць, а дзейным удзелам умацоўваць тое, што было абаронена, адваявана, створана ў нашай краіне. Ён перадаў дырэктару Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, на базе філіяла якога і ствараецца Рэспубліканскі патрыятычны цэнтр, сертыфікат на Br200 тыс., сабраны сіламі моладзі, грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый.
Першую працоўную пуцёўку для работы на знакавым аб'екце атрымаў будатрад "Спадчына" Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, які быў прызнаны лепшым студэнцкім атрадам на будаўніцтве музея ў Хатыні. І менавіта камандзір гэтага атрада Сямён Люльковіч звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай даверыць БРСМ удзел у стварэнні Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання ў Брэсцкай крэпасці і аб'явіць яго будаўніцтва Усебеларускай маладзёжнай будоўляй.
Запуск у неба чырвона-зялёных шароў сімвалізаваў пачатак суботніка. Для яго ўдзельнікаў арганізатары вызначылі фронт работ, галоўныя з якіх - падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі і ўборка тэрыторыі ад лішняй расліннасці і звалкі дрэў. Яшчэ адным аб'ектам стаў будынак былой казармы, дзе ў далейшым будуць абсталяваны спальныя памяшканні для навучэнцаў цэнтра.-0-