28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічная інтэграцыя паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі будзе ўзмоцнена. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар у ходзе пасяджэння секцыі "Супрацоўніцтва рэгіёнаў, раёнаў і гарадоў Расіі і Беларусі як важнейшы фактар умацавання Саюзнай дзяржавы" Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ва Уфе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Паводле слоў Юрыя Чабатара, паглыбленню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін будзе садзейнічаць рэалізацыя двухбаковай праграмы "Беларусь - Расія". "У канцы 2022 года пачата работа па яе падрыхтоўцы з улікам магчымасці ўкаранення інструменту трансгранічнага супрацоўніцтва. Наступным крокам стала распрацоўка канцэпцыі пілотнай праграмы супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У ёй прапанаваны альтэрнатыўны механізм падтрымкі развіцця рэгіёнаў па прынцыпе "знізу-ўверх", гэта значыць зыходзячы з патрэбнасцей на месцах", - расказаў ён.
У якасці тэрыторый для рэалізацыі пілотнай праграмы з боку РФ прапануюцца Бранская, Калінінградская, Ленінградская, Пскоўская, Смаленская вобласці, а таксама Санкт-Пецярбург. З боку Беларусі ў праграме гатовы прыняць удзел усе вобласці.
"Такі інструмент можа стаць для рэгіянальных улад рэальнай падмогай для вырашэння актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Спектр узаемнага супрацоўніцтва даволі шырокі: ахова здароўя, адукацыя, турызм, падтрымка і развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і гэтак далей. Асноўнай крыніцай сродкаў на першапачатковым этапе будзе бюджэт Саюзнай дзяржавы. Прадугледжана таксама магчымасць суфінансавання з боку рэгіёнаў", - адзначыў першы намеснік міністра.
"Мы разлічваем, што рэалізацыя сумесных праектаў у рамках праграмы "Беларусь - Расія" дасць магчымасць узмацніць інтэграцыю нашых рэгіёнаў, развіваць і ўмацоўваць іх вытворчы, лагістычны, дэмаграфічны і сацыяльны патэнцыялы", - рэзюмаваў Юрый Чабатар.-0-