30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі падрыхтавала інструкцыю па фарміраванні пераліку дзяржаўных праграм на 2026-2030 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
У дакуменце ў лаканічнай форме расказана, якімі нарматыўнымі прававымі актамі рэгулюецца працэс, хто фарміруе і ўносіць прапановы аб уключэнні дзяржаўнай праграмы ў пералік, якія дзяржпраграмы могуць быць у яго ўключаны. Таксама ў інструкцыі размешчана інфармацыя аб этапах і тэрмінах фарміравання пераліку, структуры прапановы аб уключэнні дзяржпраграмы ў пералік і тлумачэнні па яе афармленні, абазначана, як у прапанове адлюстроўваць адпаведнасць мэты і задач праграмы мэтам устойлівага развіцця.
Так, прапановы па дзяржпраграмах уносяць дзяржаўныя органы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя (падсправаздачныя) Прэзідэнту або Савету Міністраў, структурныя падраздзяленні дзяржорганаў з правамі юрыдычнай асобы, тэрытарыяльныя органы, іншыя арганізацыі, якія з'яўляюцца распарадчыкамі сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, у тым ліку дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, а таксама сродкаў бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.
Да 25 кастрычніка 2024 года ў Міністэрства эканомікі прадставяць прапановы па ўключэнні ў пералік дзяржаўных праграм, рэалізацыя якіх прадугледжана ў 2026-2030 гадах. У лістападзе 2024 года пастаянная міжведамасная камісія па дзяржпраграмах разгледзіць прапановы дзяржорганаў, прааналізуе іх і прыме рашэнне аб мэтазгоднасці ўключэння ў пералік. Да 1 снежня 2024 года Мінэканомікі ўнясе на разгляд камісіі праект пераліку дзяржпраграм.
Што ж можа ўвайсці ў гэты спіс? Па-першае, праграмы, сфарміраваныя з 2021 года і раней з улікам прынцыпу бесперапыннасці іх рэалізацыі. Напрыклад, "Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", "Сацыяльная абарона", "Рынак працы і садзейнічанне занятасці", "Адукацыя і маладзёжная палітыка", "Культура Беларусі", "Фізічная культура і спорт", "Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў", "Будаўніцтва жылля". Па-другое, праграмы ў іншых сферах, якія прадугледжваюць механізмы вырашэння задач праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і нацбяспекі. Напрыклад, "Транспартны комплекс", "Сельская гаспадарка", "Лічбавае развіццё", "Турызм". Па-трэцяе, праграмы, якія прадугледжваюць забеспячэнне работы не галіновых, а функцыянальных органаў дзяржкіравання. Напрыклад, "Масавая інфармацыя і кнігавыданне" (Мінінфарм), "Кіраванне дзяржаўнымі фінансамі" (Мінфін), "Дзяржаўная маёмасць" (Дзяржкаммаёмасць), "Правапарадак" (МУС), "Юстыцыя" (Мінюст), "Знешнеэканамічная дзейнасць" (МЗС).
Пры фарміраванні пераліку дзяржпраграм ключавое значэнне маюць прыярытэты і мэты дзяржаўнай палітыкі. Гэта ваенная, інфармацыйная, пагранічная, палітычная, грамадская і дзяржаўная бяспека, шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, дзяржава-партнёр, інтэлектуальная краіна і г.д.-0-