
16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі абнавіла пералік прафесій, па якіх школьнікі навучаюцца рабочым прафесіям. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ведамства.
З новага навучальнага года больш за 36 тыс. вучняў 10-11-х базавых класаў будуць засвойваць тое, што спатрэбіцца ім у побыце і на прафесійным шляху. "На выбар шырокая палітра запатрабаваных на рынку працы прафесій, сярод іх муляр, аператар заправачных станцый, пячнік, цясляр, повар, слесар па рамонце аўтамабіляў, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, швачка, тынкоўшчык і іншыя. Прафпадрыхтоўка, як і раней, будзе праходзіць у рамках прадмета "Працоўнае навучанне". Пасля завяршэння навучання дзецям прысвояць кваліфікацыйны разрад (клас, катэгорыю)", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, распрацавана і прынята вучэбная праграма факультатыўных заняткаў "Свет сельскай гаспадаркі". Яна разлічана на вучняў 7-9-х класаў. Школьнікам дадуць уяўленне аб значнасці важнейшай галіны краіны як асновы харчовай бяспекі. "Дзяцей чакае азнаямленне з асноўнымі галінамі сельскай гаспадаркі (раслінаводствам, жывёлагадоўляй, механізацыяй) і асаблівасцямі атрымання прадуктаў харчавання. Асаблівы ўпор у вучэбнай праграме зроблены на развіцці цікавасці да сучасных тэхналогій і актуальных прафесій у аграрнай сферы, а таксама выхаванні павагі да працаўнікоў АПК. Практычныя заняткі будуць праводзіць на сельгаспрадпрыемствах рэгіёнаў", - адзначылі ў Мінадукацыі.-0-