27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2025 годзе больш як 95 працэнтаў насельніцтва Беларусі прайшло дыспансерызацыю. Аб гэтым расказала начальнік упраўлення кантролю медыцынскай дзейнасці Міністэрства аховы здароўя, старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ Міністэрства аховы здароўя Ірына Кірэева ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".
Паводле слоў Ірыны Кірэевай, асноўныя выклікі для здароўя людзей звязаны з ростам неінфекцыйных захворванняў ва ўсіх краінах свету, не толькі ў нашай. "І таму на першы план выходзяць у нас мерапрыемствы па дыспансерызацыі. Гэта асноўны крок, які можа зрабіць Міністэрства аховы здароўя. І мы ўжо актыўна працуем у гэтым напрамку, - расказала яна. - За 2025 год у нас больш як 95 працэнтаў насельніцтва прайшло дыспансерызацыю. І дзяржава ў гэтым плане шмат робіць - у Беларусі нават з'явіўся дзень дыспансерызацыі: кожны чалавек можа прайсці поўны медыцынскі агляд за адзін дзень".
Здароўю жанчыны таксама ўдзяляецца асаблівая ўвага, у першую чаргу скрынінгу раку малочнай залозы, таму што рост захваральнасці высокі ва ўсім свеце. "Паводле даных СААЗ, у бліжэйшыя 25 гадоў на рак малочнай залозы захварэе кожная 20-я жанчына. Гэта страшная лічба. У 2025 годзе ў Беларусі абследавана больш за 190 тыс. жанчын, выяўлена 987 выпадкаў раку малочнай залозы, з іх 88 працэнтаў - на ранніх стадыях. Раннія стадыі паддаюцца лячэнню і выратаванню жыцця", - адзначыла начальнік упраўлення.
Праводзіцца і скрынінг паталогій шыйкі маткі. "У 2025 годзе абследавана 428 тыс. чалавек, выяўлена 1447 выпадкаў раку шыйкі маткі, больш як 99 працэнтаў - на першых стадыях. Ранняе выяўленне забяспечвае паспяховае лячэнне і выратоўвае жыцці", - звярнула ўвагу Ірына Кірэева.
Матывуе беларусаў на рэгулярныя абследаванні ў многім не Міністэрства аховы здароўя, а грамадства, сям'я і работадаўцы. Паводле даных СААЗ, здароўе на 50 працэнтаў залежыць ад ладу жыцця, 20 працэнтаў - ад асяроддзя, 20 працэнтаў - ад генетыкі, толькі 10 працэнтаў - ад паслуг сістэмы аховы здароўя. "Галоўнае - прафілактыка. Гэта правільнае харчаванне, барацьба з гіпадынаміяй, кіраванне стрэсам. Міністэрства аховы здароўя стварае ўмовы для даступнай дапамогі і ранняга выяўлення", - рэзюмавала начальнік упраўлення.-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.