Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўстанавіла разліковую норму рабочага часу на 2024 год. Адпаведная пастанова ведамства ад 17 лістапада 2023 года нумар 43 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, паведамляе БЕЛТА.
Разліковая норма рабочага часу будзе крыху большай, чым у мінулым годзе. Для пяцідзённага рабочага тыдня яна складзе 2016 гадзін (у 2023-м - 2011 гадзін), для шасцідзённага рабочага тыдня з выхадным днём у нядзелю - 2022 гадзіны (у 2023-м - 2014 гадзін).
Як растлумачылі ў Мінпрацы, разліковая норма рабочага часу на 2024 год устаноўлена зыходзячы з поўнай нормы працягласці рабочага часу 40 гадзін у тыдзень і разлічана для: пяцідзённага рабочага тыдня, зыходзячы з працягласці штодзённай работы ў рабочыя дні 8 гадзін, а ў рабочыя дні, якія папярэднічаюць непасрэдна святочным дням, - 7 гадзін; шасцідзённага рабочага тыдня, зыходзячы з працягласці штодзённай работы ў рабочыя дні з панядзелка па пятніцу 7 гадзін, у суботу - 5 гадзін, а ў рабочыя дні, якія папярэднічаюць непасрэдна святочным дням, - 6 і 4 гадзіны адпаведна.
Мінпрацы штогод устанаўлівае разліковую норму рабочага часу каляндарнага года.
Як паведамлялася раней, нерабочымі днямі ў 2024 годзе з'яўляюцца: 1 і 2 студзеня - Новы год, 7 студзеня - Нараджэнне Хрыстова (праваслаўнае Раство), 8 сакавіка - Дзень жанчын, 1 мая - Свята працы, 9 мая - Дзень Перамогі, 14 мая - Радаўніца (па календары праваслаўнай канфесіі), 3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), 7 лістапада - Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 25 снежня - Нараджэнне Хрыстова (каталіцкае Раство).
Таксама 23 лістапада ўрад вызначыў графік пераносу рабочых дзён у 2024 годзе. Прадугледжаны перанос рабочага дня з 13 мая на 18 мая. Днямі адпачынку будуць 11 (субота), 12 (нядзеля), 13 (панядзелак) і 14 мая (аўторак) - чатыры дні. Запланаваны перанос рабочага дня з 8 лістапада на 16 лістапада. Днямі адпачынку будуць 7 (чацвер), 8 (пятніца), 9 (субота) і 10 лістапада (нядзеля) - чатыры дні.