22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства спорту і турызму ўстанавіла пералік відаў турызму, іх азначэнні і класіфікацыйныя прыкметы, а таксама форму адзінай класіфікацыі відаў турызму ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Мінспорту нумар 36 ад 7 жніўня 2023 года, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам аграэкатурызмам лічыцца турыстычнае падарожжа для азнаямлення з прыродным, сельскагаспадарчым і культурным патэнцыялам Беларусі, яе рэгіёнаў, мясцовасцей, нацыянальнымі традыцыямі ў працэсе адпачынку, аздараўлення, часовага знаходжання ў аграэкасядзібах, а таксама дзейнасць фізічных асоб і сельскагаспадарчых арганізацый, адзначаных ва ўказе ад 4 кастрычніка 2022 года нумар 351 "Аб развіцці аграэкатурызму".
Актыўны турызм мае на мэце турыстычнае падарожжа, заснаванае на актыўным перамяшчэнні па маршруце ў пазнавальных, вучэбных, даследчых, экалагічных і (або) іншых мэтах, а таксама дзейнасць па арганізацыі гэтага турыстычнага падарожжа. У прыватнасці, да гэтага віду турызму адносіцца актыўны спосаб перамяшчэння па маршруце турыстычнага падарожжа з затратай фізічных намаганняў у форме пешых, байдарачных, веласіпедных, лыжных і іншых паходаў, а таксама непрацяглыя турпадарожжы, часцей за ўсё прымеркаваныя да выхадных дзён, канікулаў, кароткатэрміновых водпускаў.
Да дзелавога турызму можна аднесці турыстычнае падарожжа ў дзелавых (службовых) мэтах, а таксама дзейнасць па арганізацыі гэтага турыстычнага падарожжа. У прыватнасці, удзел у дзелавых нарадах, сустрэчах і перагаворах з дзелавымі партнёрамі для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, падпісання дакументаў, абмену вопытам, арганізацыя іх правядзення, наведванне прафесійных мерапрыемстваў, навуковых і розных падзейных мерапрыемстваў (выставак, прэзентацый, канферэнцый, кангрэсаў і іншых мерапрыемстваў), навучанне / павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў, вочны зварот у дзяржструктуры ў краіне (месцы) знаходжання для атрымання сертыфікатаў, ліцэнзій, іншых дакументаў.
Таксама ў пастанове прапісаны азначэнні і класіфікацыйныя прыкметы гастранамічнага, гісторыка-культурнага, лячэбна-аздараўленчага, медыцынскага, адукацыйнага, паляўнічага, прамысловага, рэлігійнага, падзейнага і экалагічнага турызму.
Акрамя таго, дакументам устаноўлена форма адзінай класіфікацыі відаў турызму ў Беларусі.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-