У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбыўся мітынг-рэквіем "Памяці загінулых будзьце дастойныя", прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Двойчы ў год - на Дзень Перамогі і гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны - Брэсцкая крэпасць становіцца месцам масавага паломніцтва. У цытадэль над Бугам, якая стала легендай, ідуць і едуць з розных куткоў людзі, каб чарговы раз пакланіцца памяці тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў мір на нашай зямлі. У ноч з 21 на 22 чэрвеня тысячы брастаўчан і гасцей горада прайшлі своеасаблівай дарогай памяці, якую асвятлялі сотні чырвоных лампад, ад увахода "Зорка" да плошчы Цырыманіялаў. Сярод ганаровых гасцей - дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.




На мерапрыемствы, прымеркаваныя да 82-й гадавіны пачатку ВАВ, у пагранічны горад прыбылі больш за 30 афіцыйных дэлегацый. У іх ліку дэлегацыі Дзяржаўнай думы і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Ленінградскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Драздзенкам, Следчых камітэтаў Беларусі і Расіі на чале з кіраўнікамі ведамстваў Дзмітрыем Гарой і Аляксандрам Бастрыкіным. Прыехалі прадстаўнікі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі, Савета камандуючых Пагранічнымі войскамі краін СНД, Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга, Пензенскай, Самарскай і Калужскай абласцей, Стаўрапольскага края, Паўднёвай Асеціі, Чачні і Інгушэціі, удзельнікі патрыятычных акцый.
Мітынгу-рэквіему папярэднічала выступленне камернага аркестра абласной філармоніі з паўгадзіннай праграмай "Музыка памяці". У перадсвітальнай цішыні прагучалі камерная сімфонія Шастаковіча і арыя Баха, адажыа Альбіноні і жалобны марш Брытэна, іншыя творы класікаў. Музыка ідэальна ўпісвалася ў атмасферу і энергетыку крэпасці, камертонам адгукаючыся ў сэрцах прысутных.







Узятую высокую ноту падхапіў тэатралізаваны пралог, які адсылаў да падзей 82-гадовай даўнасці на гэтай палітай крывёй зямлі. У гэты час з вялікіх экранаў глядзелі твары маладых герояў, якія пайшлі ў вечнасць. Рэфрэнам гучалі словы: "Памятайце, пакуль жывяце, людзі, памятайце!" У трохмінутнай кампазіцыі "Сімфонія мужнасці" на музыку Шастаковіча артысты заслужанага аматарскага калектыву ансамбля "Радасць" перадалі ўвесь драматызм і гераізм абароны Брэсцкай крэпасці.
"Гэты нумар упершыню быў пастаўлены ў 1957 годзе на сцэне Крамлёўскага Палаца з'ездаў. З таго часу гэта кампазіцыя жывая да сённяшняга дня і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Паколькі мы жывём у Брэсце, мы гэты нумар беражліва захоўвалі. "Сімфонія мужнасці" вечная, як подзвіг абаронцаў крэпасці, які будзе жыць у памяці народнай. Гэта пацвярджаюць і створаныя харэаграфічныя вобразы", - сказаў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля "Радасць" Анатоль Вараб'ёў.
Штогод рэжысёры начнога дзейства ў Брэсцкай крэпасці стараюцца яго разнастаіць, уводзячы ў сцэнарый новыя эпізоды, лініі, персанажаў. Але ключавыя моманты застаюцца нязменнымі, стаўшы ўжо своеасаблівым рытуалам. Па даўняй традыцыі пагранічнікі запалілі факел ад Вечнага агню і даставілі яго на бронетранспарцёры да берага Заходняга Буга. Там на ваду былі спушчаны вянкі з запаленымі свечкамі - як сімвал нязгаснай памяці аб гераічным подзвігу абаронцаў цытадэлі.


Члены дэлегацый, ганаровыя госці ўсклалі карзіны кветак да Вечнага агню і пліт некропаля. Мінутай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых у баях воінаў. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што сёння як ніколі важна шанаваць мір на сваёй зямлі і рабіць усё магчымае для яго захавання. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў указаў на важнасць адзінства брацкіх народаў, без якога не было б і перамогі ў Вялікай Айчыннай.
Жалобнае мерапрыемства ў крэпасці прадоўжыла ваенна-гістарычная рэканструкцыя ключавых падзей абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені - ліпені 1941 года.