БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

"Нас, беларусаў, аб'ядноўвае працавітасць". Прадстаўнікі розных прафесій удастоены дзяржаўных узнагарод

15.09.2023 10:09
15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вельмі сімвалічна, што ўзнагароды за працоўныя дасягненні ўручаюцца напярэдадні Дня народнага адзінства, таму што сапраўды нас, беларусаў, аб'ядноўвае працавітасць. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення фінансаў, крэдыту і рэгулявання бухгалтарскага ўліку і справаводства ў будаўнічай сферы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Клаўдзія Пухнарэвіч, удастоеная дзяржаўнай узнагароды.

Дзяржаўныя служачыя, работнікі сферы культуры, прамысловасці, банкаўскай сферы і вучоныя сабраліся 14 верасня ў Палацы Рэспублікі. Ва ўрачыстай абстаноўцы лепшым прадстаўнікам самых розных сфер прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.

Кіраўнік урада адзначыў, што па даручэнні Прэзідэнта дзяржузнагароды ўручаюцца прафесіяналам, чые заслугі і ўклад у развіццё роднай краіны адзначаны дзяржавай. Ён абазначыў, што час урачыстай цырымоніі выбраны не выпадкова - яна праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства. "Чаму мы прымеркавалі гэта ўрачыстае мерапрыемства, напэўна, да самага маладога нашага дзяржаўнага свята? Таму што сіла і будучыня нашай краіны менавіта ў адзінстве. Адзінства мае шмат вымярэнняў, але ў гэтым кантэксце я хацеў бы сказаць пра адзінства як зладжаную работу працавітых людзей і людзей, якія неабыякавыя да сучаснасці і будучыні нашай краіны", - сказаў Раман Галоўчанка.

Пра свята шмат гаварылі і тыя, хто быў удастоены ўзнагарод. Як расказала начальнік упраўлення фінансаў, крэдыту і рэгулявання бухгалтарскага ўліку і справаводства ў будаўнічай сферы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Клаўдзія Пухнарэвіч, якая атрымала з рук прэм'ер-міністра медаль "За бездакорную службу" ІІІ ступені, беларусаў аб'ядноўвае менавіта працавітасць.

"Гэта высокая ацэнка маёй працы і ў цэлым усяго калектыву Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Таму я ўдзячна Прэзідэнту, што ён ацаніў наш прафесіяналізм, добрасумленную працу. І дзякуй прэм'ер-міністру за аказаны давер. Вельмі сімвалічна, што ўзнагароды за працоўныя дасягненні ўручаюцца напярэдадні Дня народнага адзінства. Таму што сапраўды нас, беларусаў, аб'ядноўвае працавітасць, самааддача, уменне падтрымліваць адзін аднаго і дапамагаць адзін аднаму, гэта ўсё закладзена ў нашых генах. Дзякуючы ўпартай працы нашых людзей, у тым ліку і прадстаўнікоў будаўнічай сферы, сёння Беларусь, якая перажыла не адну вайну, але паўстала з руін, - квітнеючая краіна, чыстая, утульная, і гэта адзначаюць усе, хто да нас прыязджае", - сказала Клаўдзія Пухнарэвіч.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька, удастоеная Падзякі Прэзідэнта, таксама адзначыла, што яе ўзнагарода - гэта ацэнка працы ўсяго калектыву.

"Узнагарода - гэта заўсёды вельмі станоўчыя эмоцыі. У гэтым выпадку, атрымаўшы Падзяку Прэзідэнта, я разумею, што гэта ацэнка не толькі маёй асабістай дзейнасці, але і ўсяго вялікага калектыву, які ўнёс уклад у будаўніцтва музея ў мемарыяльным комплексе "Хатынь". Для нас вельмі знакава, што напярэдадні Дня народнага адзінства, гістарычна значнага свята, мы атрымліваем такія высокія ўзнагароды за стварэнне гэтага музея", - сказала Ала Шахоцька.   

Былі ў зале сярод узнагароджаных і зусім маладыя людзі. Студэнт юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Уладзіслаў Віхроў і студэнт будаўнічага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сямён Люльковіч удастоены Падзякі Прэзідэнта. Узнагарода, безумоўна, заслужаная: хлопцы актыўна працавалі на рэканструкцыі дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь" і будаўніцтве музея. Гэтым аб'ектам капітальнага рамонту і рэканструкцыі быў прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, тут працавалі будатрады з розных куткоў Беларусі.

"Я паехаў у якасці камандзіра студэнцкага атрада. Безумоўна, для мяне гэта важная ацэнка маёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Гэта важная ацэнка студатрадаўскага руху. Магчыма, хтосьці паехаў за грашамі, хтосьці за эмоцыямі, хтосьці таму, што гэта яго прызванне. Галоўнае, што маладыя людзі зрабілі свой выбар і ўнеслі свой уклад у важную справу. І няважна, наколькі малы гэты крок для кожнага чалавека, важна, наколькі гэта вялікі крок для нашай Радзімы. Трэба працаваць, добра працаваць, сумленна, і праца кожнага не застанецца без увагі", - сказаў Уладзіслаў Віхроў.

"Гэта ўзнагарода, я сказаў бы, не толькі мая. Напэўна, гэта ацэнка нашай моладзі ў цэлым. Моладзь у нас працавітая, і прыемна, што наша праца, уклад у развіццё нашай краіны цэняць так высока. Мы працавалі і будзем працаваць на карысць нашай любімай Беларусі", - дадаў Сямён Люльковіч.-0-
 
Усе навіны

Карысныя спасылкі