7 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Палескі драматычны тэатр пакажа пастаноўку аб гісторыі пінскага гета на міжнародным тэатральным фестывалі ў Смаленску "Радзіма мая". Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.
Тэатральны форум пройдзе з 25 па 30 верасня на сцэне Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава. У ім прымуць удзел тэатральныя калектывы з Расіі і Беларусі з пастаноўкамі на патрыятычную тэматыку. Выступленне Пінскага драмтэатра запланавана на 28 верасня.
"Мы даўно супрацоўнічаем з гэтым расійскім тэатрам, не аднойчы ўдзельнічалі ў міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг". На гэты раз калегі запрасілі нас са спектаклем "Пасланне з мінулага", справядліва лічачы, што пастаноўка адпавядае заяўленай тэматыцы новага тэатральнага форуму", - адзначылі ў Палескім драмтэатры.
Спектакль "Пасланне з мінулага" прысвечаны 80-годдзю знішчэння пінскага гета. Трагедыя заснавана на рэальных падзеях, калі на працягу трох жнівеньскіх дзён 1942 года фашысты расстралялі каля 10 тыс. мірных жыхароў. Аўтар пастаноўкі рэжысёр Павел Марыніч звяртаецца да мастацкага вымыслу. Нібыта на машыне часу група сучасных маладых людзей аказваецца спачатку ў даваенным, а потым у акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пінску. Героям тэатральнай пастаноўкі даводзіцца прайсці праз усе выпрабаванні, якія выпалі ў гады вайны грамадзянскаму насельніцтву.
"Мы ўвялі ў спектакль новых артыстаў. У гэтым тэатральным сезоне калектыў папоўнілі два выпускнікі Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў і два выпускнікі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Таму дзеці адразу акунуліся ў тэатральнае жыццё. Паступова будзем іх уводзіць і ў іншыя нашы пастаноўкі", - дапоўнілі ў тэатры.
У новым тэатральным сезоне, які ў Палескім драмтэатры адкрыўся 20 жніўня, трупа плануе парадаваць гледачоў новымі спектаклямі. Так, у калектыве пачалі ўжо работу над пастаноўкай паводле апавяданняў А.П. Чэхава пад рабочай назвай "Стракатыя гісторыі". Чакаецца, што прэм'ера спектакля адбудзецца ў кастрычніку. У бліжэйшы час будзе адноўлены дзіцячы спектакль "Жыла-была сыраежка". Таксама для маленькіх гледачоў рыхтуецца новая казка "Усе мышы любяць сыр" паводле п'есы вядомага венгерскага драматурга Дзюлы Урбана.-0-