30 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Палескім драматычным тэатры паставілі спектакль паводле апавяданняў А.П.Чэхава "Стракатыя апавяданні", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.
Гэта дэбютная работа вядучай артысткі тэатра Антаніны Ракала, якая выступіла не толькі ў ролі рэжысёра-пастаноўшчыка, але і аўтара інсцэніроўкі. Над сцэнаграфіяй працаваў мастак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ілья Падкапаеў. Жанр спектакля пазначаны як "сатырычныя камедыі ў адной дзеі". Асаблівую тэатральную атмасферу ствараюць вясёлыя вобразы, гумарыстычныя сюжэты, яркія касцюмы і музыка Чайкоўскага.
З аднайменнага зборніка Чэхава рэжысёр выбрала сем вядомых апавяданняў, у якіх пісьменнік з уласцівым яму тонкім гумарам і сатырай выкрывае людскія і сацыяльныя заганы. "Драма", "Хірургія", "Пайшла", "Зламыснік", "Размазня", "Конскае прозвішча", "Радасць" - розныя па сюжэтах, гэтыя апавяданні аб'ядноўвае тэма парадаксальнасці і драматызму чалавечага быцця. А яшчэ - постаць самога пісьменніка, які з'яўляецца ў пачатку спектакля.
Урэшце, гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае гледача. "У пастаноўцы заняты пяць акцёраў, і мне хацелася, каб на працягу спектакля яны ўвесь час пераўвасабляліся, і каб гэта адбывалася на вачах у гледача. У нас і спектакль пачынаецца пры адкрытай заслоне. Мы выносім манекены, акцёры выбіраюць сабе касцюмы, парыкі, яны пераўвасабляюцца. Гэта значыць прыадкрываем такую маленькую тайну тэатральнага мастацтва", - расказала Антаніна Ракала.
Такое арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне ацанілі і гледачы, і калегі. "Атрымалася даволі тэатральная работа. Я адзначыў бы, што многія ўбачылі нашых акцёраў з іншага боку. На працягу спектакля ім даводзілася пераўвасабляцца па тры-чатыры разы, іграючы розных персанажаў. Акцёры раскрыліся ў новых для сябе вобразах і якасці. Я сказаў бы, што вельмі ўдалыя акцёрскія работы атрымаліся. Хочацца спадзявацца, што ў спектакля будзе доўгая тэатральная гісторыя", - сказаў дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка.
Пасля прэм'еры, якая прайшла 22 кастрычніка, адбыліся яшчэ два паказы "Стракатых апавяданняў". У афішы Палескага драматычнага тэатра на наступны месяц спектакль запланаваны на 9, 26 і 29 лістапада.-0-