БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

Памятны знак ахвярам генацыду адкрылі на станцыі Баранавічы-Цэнтральныя

29.06.2023 15:06

29 чэрвеня, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. На чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральныя 29 чэрвеня ўрачыста адкрылі памятны знак загінулым у лагеры, у якім утрымлівалі цывільнае насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Памятны знак устаноўлены перад будынкам чыгуначнага вакзала. Валун з каваным адлюстраваннем чалавечай рукі, што сціскае калючы дрот, сімвалізуе цяжар выпрабаванняў, што выпалі на долю народа ў гады вайны, яго з'яднанасць і адзінства, а таксама перамогу над фашызмам. На мемарыяльнай таблічцы выбіты надпіс: "З 1943 па 1944 гг. на гэтым месцы існаваў лагер для савецкіх грамадзян, ахвярамі якога сталі больш за 500 чалавек. Боль у сэрцах нашых назаўжды…"

Новы факт генацыду беларускага народа быў усталяваны ў час расследавання спецыяльнай крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай. Пры вывучэнні архіўных матэрыялаў і допытах былых вязняў супрацоўнікі Баранавіцкай міжраённай пракуратуры ўстанавілі, што з сакавіка 1943 года па ліпень 1944-га ў раёне чыгуначнага вакзала існаваў лагер перасылкі цывільнага насельніцтва. Сюды фашысты звозілі мірных грамадзян з розных рэгіёнаў БССР, а потым адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Усяго праз гэты перасыльны пункт прайшлі не менш як 20 тыс. чалавек, у тым ліку каля 2 тыс. дзяцей.

Генеральны пракурор Андрэй Швед, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака, назваў гэту крымінальную справу нестандартным расследаваннем. У ім цесна перапляліся пытанні крымінальна-прававой, гістарычнай і маральнай ацэнкі дзеянняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх памагатых і калабарантаў. "Упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы факты генацыду мірнага насельніцтва расследуюцца ў поўным маштабе па ўсёй тэрыторыі краіны. Паводле атрыманых у перыяд расследавання даных, у гады вайны на тэрыторыі Беларусі было забіта не менш за 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных. У нямецкае рабства было пагнана каля 380 тыс. чалавек, многія з якіх загінулі ад невыносных умоў эксплуатацыі", - адзначыў генпракурор.

Ён падкрэсліў, што сённяшняя падзея - даніна памяці загінулым, што садзейнічае ўсталяванню і захаванню гістарычнай праўды, недапушчэнню ў далейшым такіх страшных падзей. "У беларускай зямлі спачылі астанкі мільёнаў людзей, якія загінулі не толькі на полі бою, але і бязлітасна забітых у час генацыду беларускага народа. Кожнае такое месца, дзе цярпелі пакуты і гінулі людзі, павінна быць увекавечана. І самае галоўнае - мы павінны ведаць, што адбывалася і хто ляжыць у гэтай зямлі, каб нашы дзеці і ўнукі маглі прыйсці сюды і пакланіцца, аддаць даніну памяці загінулым", - сказаў Андрэй Швед.

Аб адказнасці перад будучымі пакаленнямі гаварыў і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. "Мы ўстанаўліваем усё новыя факты варварства на нашай зямлі ў гады вайны, адкрываем новыя месцы пахаванняў і фабрык смерці, дзе ў пакутах паміралі нашы людзі. Гісторыя не заканчваецца. Мы мірныя людзі, а таму разумеем глыбіню адказнасці перад будучымі пакаленнямі. У Брэсцкай вобласці прадоўжаць аднаўляць старыя і ствараць новыя мемарыялы і свята шанаваць памяць загінулых і закатаваных у той вайне", - сказаў губернатар.

У адкрыцці памятнага знака прынялі ўдзел кіраўнікі мясцовых органаў улады, пракурорскія работнікі. Пасля цырымоніі ў будынку міжраённай пракуратуры гасцям прэзентавалі выставу, у якой прадстаўлены найбольш значныя даныя і новыя факты генацыду, устаноўленыя ў час расследаванняў крымінальнай справы. Андрэй Швед парэкамендаваў знаёміць з экспазіцыяй жыхароў рэгіёна, перш за ўсё моладзь, і галоўнае - рабіць гэта не фармальна. За вялікі асабісты ўклад у захаванне гістарычнай памяці генеральны пракурор уручыў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Шулейку юбілейны медаль "100 год пракуратуры Рэспублікі Беларусь".-0-

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі