20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламентарыі да канца года чакаюць унясення законапраекта аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэпутаты 19 верасня на пасяджэнні дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя". "Гэтым законапраектам уносяцца змяненні ў два законы: "Аб ахове здароўя" і "Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах". Тры асноўныя навацыі - падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі, якасць вырабаў медыцынскага прызначэння і пытанні акрэдытацыі дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, якія падзеляцца на базавы і нацыянальны ўзровень", - расказала Людміла Макарына-Кібак.
Прадугледжваецца, у прыватнасці, удакладненне пытанняў правядзення медыцынскай акрэдытацыі дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, дзейнасці ўніверсітэцкіх клінік і ўрачэбна-кансультатыўных камісій. Замацоўваецца магчымасць правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці ў арганізацыях, якія разам з асноўнай дзейнасцю таксама ажыццяўляюць медыцынскую. Канкрэтызаваны парадак абароту медыцынскіх вырабаў, а таксама ўвядзенне інстытута дзяржаўнага нагляду за іх абарачэннем. Прадугледжана карэкціроўка норм, якія датычацца прафесійнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў.
Што датычыцца дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў, то ў хуткім часе ў парламент чакаецца паступленне "Кодэкса аб шлюбе і сям'і". "Будуць уносіцца змяненні ў шлюбна-сямейныя адносіны. І мы чакаем паступленне да канца года законапраекта "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей". Мы будзем паляпшаць умовы жыцця для мам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Мы дадзім ім магчымасць працаваць без змяншэння дапамогі. І мы будзем гаварыць аб павелічэнні дародавай і пасляродавай дапамогі для маладых спецыялістаў, студэнтаў і навучэнцаў", - дадала дэпутат.-0-