
Пасяўная кампанія без траўматызму. Менавіта на гэта нацэлена тэхнічная інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) пры правядзенні маніторынгаў выканання заканадаўства аб ахове працы ў час веснавых палявых работ. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.
Прафсаюзныя спецыялісты наведаюць больш за 1000 сельгасарганізацый па ўсёй краіне. Пад асаблівай увагай - пытанні своечасовага правядзення вучобы, інструктажу па ахове працы з работнікамі, якія задзейнічаны на палявых работах, забеспячэнне іх спецадзеннем і абуткам, наяўнасць і стан санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэнне работнікаў гарачым харчаваннем і пітной вадой. Таксама ў прыярытэце пытанні спраўнасці і бяспечнай эксплуатацыі задзейнічаных у пасяўной кампаніі тэхнікі і механізмаў. Дарэчы, усе гэтыя пытанні прафсаюзы пачынаюць глядзець яшчэ да пачатку розных этапаў сельскагаспадарчых работ.
"Гэту работу прафсаюзы праводзяць круглы год. Практыка паказвае, што няважных момантаў у ахове працы няма. Важны ўсе дэталі, пачынаючы ад таго, як тэхніка вяртаецца з поля, у якім яна стане, ці прымаліся меры па яе рамонце, ачыстцы. Часам мы бачым, што іншым разам для захавання графіка асобныя арганізацыі выводзяць тэхніку, якая не павінна эксплуатавацца да прывядзення яе ў бяспечны стан. У такіх выпадках тэхнічныя інспектары працы прыпыняюць яе эксплуатацыю да ўстаранення парушэнняў. Напрыклад, у мінулым годзе ў гэты перыяд прафсаюзамі было выяўлена больш за 50 адзінак такога абсталявання", - расказалі ў прэс-службе ФПБ.
У цэлым кожны год у час маніторынгаў тэхнічная інспекцыя працы прадаўжае выяўляць дастатковую колькасць парушэнняў. Так, у мінулы сезон іх было больш за 1200. Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў - неўкамплектаванне сродкамі першаснага пажаратушэння, адсутнасць тэхагляду і інструктажу, нявыдача работнікам неабходнага спецадзення або невыкарыстанне яго самімі работнікамі, у некаторых арганізацыях адсутнічалі душавыя. Па выяўленых парушэннях наймальніку выдаюцца рэкамендацыі на іх устараненне.
2025 год абвешчаны Годам бяспечнай працы ў сельскай гаспадарцы. Прафсаюзы таксама падключаюцца да работы па правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку траўматызму, умоў і аховы працы работнікаў.
У прэс-службе ФПБ нагадалі, што прафсаюзы прыходзяць у арганізацыі не з кантралюючай функцыяй. Галоўная задача - аказаць кансультацыйную і практычную дапамогу, дапамагчы наймальніку ўстараніць усе недахопы, звярнуць увагу работнікаў на неабходнасць выканання заканадаўства аб ахове працы. Пад пільнай увагай - пытанні забеспячэння і дастаўкі гарачага харчавання. Тут, як правіла, пытанняў не ўзнікае - у большасці сельгасарганізацый арганізавана двухразовае гарачае харчаванне. Пры гэтым калектыўнымі дагаворамі прадугледжваецца патанненне кошту харчавання работнікаў, у большасці выпадкаў кошт патаннення даходзіць ад 70 да 90 працэнтаў. Таксама аказваецца дапамога ў набыцці электратэхнікі ў пакоі адпачынку і прыёму ежы, посуду для сталовай, тэрмасаў з нержавеючымі колбамі для дастаўкі гарачага харчавання, камплектаў складной мэблі і інш.-0-