3 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Палескім драматычным тэатры 6 лютага адбудзецца прэм'ера адноўленага спектакля "Пасланне з мінулага", прысвечанага 80-годдзю знішчэння пінскага гета, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Аўтар ідэі, сцэнарыст і пастаноўшчык - рэжысёр Павел Марыніч. Жанр спектакля абазначаны як трагедыя, заснаваная на рэальных падзеях, што адбываліся ў Пінску. Храналогія падзей ахоплівае перыяд з даваеннага 1939 года па трагічны ў гісторыі горада 1942-і, калі на працягу толькі трох жнівеньскіх дзён гітлераўскія салдаты расстралялі амаль 10 тыс. мірных жыхароў.
"Гэту гісторыю ставілі ў тэатры некалькі гадоў таму. Цяпер мы яе выпускаем з новым акцёрскім складам. У аснове апавядання - дакументальная хроніка з бібліятэк і архіваў, сведчанні, апісаныя відавочцамі. Мы проста скампанавалі гэты матэрыял і надалі яму літаратурна-пластычную форму, узмацніўшы пранізлівай музыкай і адпаведным падсвечваннем", - сказаў рэжысёр.
Сюжэтная лінія будуецца на мастацкай выдумцы, што дазволіла злучыць сучаснасць і мінулае. Група маладых людзей, хаваючыся ад дажджу, трапляе ў закінуты дом. Там яны знаходзяць старыя рэчы - патэфон, адзенне, скарыначку хлеба, і з імі пачынае адбывацца неверагоднае: дом ажывае, і моладзь аказваецца спачатку ў даваенным, а потым і ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пінску. У выніку героі тэатральнай пастаноўкі праходзяць праз усе выпрабаванні, што выпалі на той час цывільнаму насельніцтву.
"Мы хацелі перадаць жах тых падзей, нагадаўшы тым самым аб недапушчальнасці зняважлівых адносін да памяці, забыцця мінулага. За гады вайны насельніцтва Пінска зменшылася амаль у 10 разоў. Гэта эмацыянальна няпросты спектакль - як для гледачоў, так і для акцёраў. У ім задзейнічаны вопытныя артысты - Вольга Шэндэр, Павел Рыжоў, Іван Вялічка, Вольга Ермалаева, якія бліскуча справіліся са сваімі ролямі", - адзначыў Павел Марыніч.
Першымі гледачамі адноўленага спектакля "Пасланне з мінулага" стануць навучэнцы ўстаноў адукацыі Пінска.-0-
Фота Палескага драматычнага тэатра