15 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі палац гульнявых відаў спорту "Вікторыя" пасля завяршэння ІІ Гульняў краін СНД рыхтуецца да правядзення новых турніраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Брэсцкага абласнога клуба па гульнявых відах спорту "Вікторыя" Аляксандр Федарчук.
На паркеце спарткомплексу з 5 па 9 жніўня за ўзнагароды Гульняў змагаліся маладзёжныя зборныя па гандболе. У вырашальным матчы юнакі зборнай Беларусі U-19 вырвалі перамогу ў равеснікаў з Расіі, у гульні за бронзавыя медалі мацнейшай за каманду Узбекістана аказалася беларуская дружына U-17. У дзяўчат у фінале беларускі ўступілі расіянкам, зборная Узбекістана ў матчы за трэцяе месца ўзяла верх над гандбалісткамі Кыргызстана.
"Спаборніцтвы прайшлі ў святочнай атмасферы. Была аказана сардэчная гасціннасць удзельнікам і гасцям, гледачы балелі вельмі здорава, эмацыянальна. Свята ўдалося, - падкрэсліў Аляксандр Федарчук. - Перадышка на арэне атрымалася ўсяго дзень. Затым пайшла звычайная работа, пачынаем рыхтавацца да новага сезона. У нас у гэтыя выхадныя зноў свята гандбола - Кубак Белгазпрамбанка. У канцы жніўня будзе вялікі традыцыйны турнір па міні-футболе сярод мытных службаў"
Так, у барацьбе за Кубак Белгазпрамбанка гаспадарам пляцоўкі - клубу "Мяшкоў Брэст" у гэтым годзе складуць канкурэнцыю расійскія ЦСК і "Зеніт", турэцкі клуб "Сакар'я".
Аднавіўся трэніровачны працэс не толькі ў гандбалістаў, але і іншых спартсменаў, якія займаюцца ў "Вікторыі". Спецыялісты афармляюць дакументацыю для ўдзелу ў чэмпіянатах краіны па баскетболе, валейболе, гандболе. Паралельна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года.
"Аб секцыях дзецям і бацькам расказваюць на агульнагарадскім дні адкрытых дзвярэй. Плюс у спарткомплексе займаюцца многія дарослыя, таму ведаюць, куды прывесці сваіх дзяцей. Фарміруюцца групы набору, конкурсны набор праводзіцца на працягу верасня. Для груп пачатковай падрыхтоўкі першага года навучання навучальны год пачынаецца з кастрычніка", - дадаў Аляксандр Федарчук.-0-